Панядзелак, 30 Студзень 2023

Віцебская газета імкнецца стварыць ілюзію невыноснага жыцця ў Латвіі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Абласная газета «Витебские вести» днямі надрукавала артыкул «Былыя жыхары Латвіі пераехалi ў Беларусь i не шкадуюць». У ім вядзецца ўсяго пра дзве сям’і, якія пераехалі ў Браслаўскі раён.

 Першая гераіня, пра якую распавядае аўтарка Тамара Пашкевіч, хаця жыве на Браслаўшчыне з 1990-х гадоў. Пераехала, паводле ейных словаў, «па прычыне агалцеласці кіраўніцтва, што прыйшло да ўлады». Прозвішча гэтай жанчыны ў газеце не названа, і ўвогуле яе жыццёвай гісторыі прысвечаны хіба адзін абзац артыкула, дзе гераіня сцвярджае, што ёй падабаецца жыць у Беларусі, бо тут «берагуць спрадвечныя маральныя каштоўнасці». Аднак ад грамадзянства Латвіі спадарыня і не адмовілася... Матывы пераезду другой сям’і, падрабязна апісаныя ў дзяржаўнай газеце,  заслугоўваюць больш пільнага аналізу.

Паводле аўтаркі артыкула, сям’я Лаўровых пераехала з прыгараду Рыгі на Браслаўшчыну некалькі месяцаў таму. Прычым не ў поўным складзе: старэйшыя дзеці пераехаць не захацелі, і ў беларускай вёсцы апынуліся толькі маці з малодшай дачкой – муж бывае тут наездамі, бо ў Латвіі ў яго ёсць справы.

Тамара Пашкевіч падрабязна аналізуе, што не задавальняла Лаўровых у суседняй еўрапейскай краіне. У артыкуле сцвярджаецца, што галоўным аргументам на карысць пераезду стала знішчэнне помнікаў савецкага перыяду і патрабаванне аб ужыванні нацыянальнай мовы, якую Лаўровы, відаць, за столькі год жыцця ў Латвіі так і не вывучылі. Паводле гераіні артыкула, раней яны ўсёй сям’ёй 9 траўня ездзілі ў Рыгу ўскладаць кветкі да манумента савецкім салдатам, які нядаўна знеслі. І жанчына хвалюецца, што яе дачка вырасце «чалавекам, які не памятае сваяцтва».

Цікава, што патрыятычныя пачуцці ў сям’і Лаўровых аніяк не звязаныя з шанаваннем мовы той краіны, у якой яны шмат гадоў жылі. «Са школ пачалі выціскаць рускамоўных педагогаў, загаварылі пра экзамены па латышскай мове для тых, у каго няма грамадзянства, і магчымае высяленне з краіны тых, хто не вытрымае іспыту. Урэшце дайшлі да таго, што ў школе адмовіліся ад паняццяў «тата» і «мама», замест іх з’явіліся «бацька № 1» і «бацька № 2», – абураецца пераехаўшая жанчына. Цяпер яна набыла дом у вёсцы на беразе возера Струста і збіраецца стварыць аграсядзібу на Браслаўшчыне.

У якасці дэталяў «райскага жыцця» у Беларусі са спасылкай на былую жыхарку Латвіі асобна падкрэсліваецца добры асартымент тавараў у крамах,  якасная медычная дапамога, «якой у Рызе чакалі б не адзін месяц», і прыязнае стаўленне мясцовых жыхароў…

Артыкул відавочна мае на мэце паказаць, якое цяпер праблемнае жыццё ў Еўропе, і што людзі бягуць адтуль у «стабільнасць» беларускай глыбінкі. Вядома, кожны чалавек мае права жыць там, дзе ён хоча і лічыць найбольш для сябе прымальным. Аднак дадзены газетны матэрыял мала падобны да аповеду пра асабісты выбар: у ім відавочны намер ачарніць знешнюю і ўнутраную палітыку суседняй краіны, якая перадусім цэніць дзяржаўную самастойнасць.

Канстанцін Вежнавец