Субота, 28 Студзень 2023

У Віцебску прайшлі імпрэзы да Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакосту

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З 2006 г. гэты дзень адзначаюць у памяць пра вызваленне вязняў канцэнтрацыйнага лагера  Аўшвіц, якое абылося 27 студзеня 1945г.  У гэтым лагеры нацысты замучылі каля мільёна  габрэяў і  тысячы прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Нягледзячы на тое, што дзень памяці ахвяраў Халакосту адзначаюць штогод, у Віцебску дагэтуль на належным узроўні не ўшанавана памяць пра вязняў мясцовага гета, якое мясцілася на беразе Дзвіны ў раёне сучаснай вуліцы Іллінскага, і дзе ў часе мінулай вайны загінулі 16-18 тысяч чалавек. Тут усталяваны толькі часовы памятны знак з абяцаннем стварыць сапраўдны мемарыял ці нават музей гета ў будынку былога раённага дома культуры, які шмат гадоў стаіць зачынены.

Сёлета ў мерапрыемствах, прымеркаваных да Міжнароднага дня Халакосту узяў удзел часовы павераны ў справах Ізраіла ў Рэспубліцы Беларусь Цві Міркін. Разам з прадстаўнікамі мясцовых уладаў ён усклаў кветкі да мемарыяльнага знаку ў Ілаўскім яры, дзе праводзіліся масавыя расстрэлы габрэяў. Гэты знак з’явіўся за кошт ахвяраванняў сваякоў расстраляных, і выглядае ён куды больш салідна і эстэтычна за сімвал  няспраўджаных абяцанняў на месцы віцебскага гета.

Таксама ў Віцебску быў уручаны дыплом  і памятны медаль Праведніка народаў свету Дар’і Красікавай , жыхарцы  вёскі Дубраўка Лёзненскага раёну. У лютым 1942 г. яна ўратавала  ад загубы габрэйскіх дзяцей Тамару і Барыса  Хацьянавых.  Яны з вялікай удзячнасцю згадвалі сваю выратавальніцу, якая пайшла з жыцця ў 1986г.  Памятны медаль за Дар’ю Красікаву атрымаў яе ўнук Іван. Ен паабяцаў, што перадасць яго ў якасці экспаната ў Лёзненскі краязнаўчы музей – каб кожны наведнік мог пакланіцца  смелай беларускай жанчыне, якая рызыкавала сваім жыццём дзеля ўратавання іншых.

Эмілія Траяновіч