Субота, 31 Снежань 2022

Улады Віцебска прыслухаліся да меркавання гараджанаў праз 13 гадоў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Напрыканцы 2022г., абвясціўшы грамадскае абмеркаванне праекта «Генеральны план г.Віцебска», чыноўнікі нечакана пагадзіліся з прэтэнзіямі віцяблян, што да аблічча Плошчы Перамогі. Галоўны архітэктар праекта Алена Дзяміда заявіла, што «самая вялікая плошча ў Беларусі абсалютна неарганізавана, знаходзіцца на ёй некамфортна. Хацелася б, каб аблічча плошчы змянілася. Калі там з’явіцца сквер – цудоўна». Спадарыня практычна слова ў слова паўтарыла прэтэнзіі большасці гараджанаў, якія пратэставалі супраць вынішчэння сквера на гэтай плошчы ў 2009г. і дагэтуль не даруюць уладам тое, што зялёная выспа ў цэнтры Віцебска ператварылася ў некалькі гектараў забрукаванай пустэчы.

Плошча Перамогі з’явілася ў Віцебску ў пачатку 1970-х. Яе адметнасцю было падзяленне на дзве зоны – мемарыяльную, з Вечным агнём, і рэкрэацыйную, якая стала ўлюбёным месцам адпачынку мясцовых жыхароў. Тут былі высаджаны рэдкія дрэвы, прывезеныя з розных куткоў СССР, кусты ружаў і бэзу, былі створаны альпійскія горкі і арыгінальны фантан. З цягам часу гэты аб’ект гарадской інфраструктуры стаў вымагаць абнаўлення. І тагачасны старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец пастанавіў знішчыць сквер і забрукаваць усю тэрыторыю. Калі ў 2009г. гэтую частку плошчы адчынілі пасля рэканструкцыі, віцябляне далі ёй найменне «Аляксандр-пляц». І бадай што не было ў жыхароў Віцебска большай крыўды на кіраўніцтва, як за знішчэнне дрэваў і кветак, замененых на шэрую брукаванку.

Паводле Аляксандра Косінца, які займеў мянушку «Дрывасек», плошча Перамогі павінна была выкарыстоўвацца для грамадскіх мерапрыемстваў. На справе выкарыстоўвалі яе хіба што для канцэртаў некалькі разоў на год ды яшчэ – для ўсталявання навагодняй ялінкі. У 2010 г. актывіст Сяргей Каваленка вывесіў на ялінцы бел-чырвона-белы сцяг, пасля чаго быў асуджаны да абмежавання волі, а ялінку ды ўсю плошчу Перамогі пачалі ахоўваць міліцыянты. У жніўні 2020-га плошча стала месцам масавых пратэстаў, і гэта быў ці не адзіны раз, калі прыдалася яе вялікая тэрыторыя...

Жыхары горада пры кожным зручным выпадку імкнуліся нагадаць, што незадаволены выглядам плошчы, паўтаралі гэта зноў і зноў падчас рознага кшталту апытанняў, складалі дзясяткі петыцый і лістоў пратэсту. Урэшце іхнае меркаванне прызналі слушным. Праз 13 гадоў. Віцяблянам абяцаюць, што плошчу будуць рэканструяваць у чарговы раз пасля распрацоўкі дэтальнага архітэктурнага плана. І, канешне, калі знойдуцца сродкі.

Феліцыян Красоўскі