Серада, 26 Кастрычнік 2022

У Віцебскай вобласці стартаваў восеньскі прызыў для службы ў войску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У рэгіёне адбылася першая адпраўка ваеннаабавязаных да месцаў праходжання тэрміновай ваеннай службы. Згодна з разнарадкай Міністэрства абароны, гэтай восенню больш за 1000 прызыўнікоў Віцебшчыны павінны з'ехаць у войскі. На пытанні бацькоў будучых салдат, ці давядзецца іх дзецям удзельнічаць у вайне ва Украіне, работнікі камісарыята адказвалі ўнікліва і вельмі няпэўна.

Ваенныя ўлады Віцебскай вобласці праз СМІ пастаянна нагадваюць маладым людзям аб тым, што грамадзяне, якія не з'явіліся без уважлівых прычын на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу і ўхіляюцца ад выканання воінскага абавязку, будуць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі. 

У адпаведнасці з арт.57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абарона Рэспублікі Беларусь з'яўляецца канстытуцыйным абавязкам і свяшчэнным абавязкам кожнага грамадзяніна. Таму у Беларусі прадугледжана крымінальная адказнасць за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу. 

Згодна з ч.1 арт.435 КК краіны ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву  караецца штрафам (ад 30 да 1000 базавых велічыняў), або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. 

На працягу ўсяго 2021 года ў нашай вобласці па вышэйназваным артыкуле судамі першай інстанцыі было вынесена больш за 30 абвінаваўчых прыгавораў. Адметна, апеляцыйная інстанцыя, Віцебскі абласны суд, не адмяніў або змяніў пакаранне асуджаным прызыўнікам. 

Для прыкладу, 21 снежня 2021 года судом Чыгуначнага раёна Віцебска нейкі грамадзянін Р. прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу. На падставе ч. 1 арт. 435 КК суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды тэрмінам на адзін год.

У адпаведнасці з ч. 1 арт. 77 КК суд вырашыў прымяніць адтэрміноўку выканання, прызначанага Р. пакарання і абавязаў яго не мяняць месца жыхарства без згоды органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, а таксама не выязджаць па асабістых справах на тэрмін больш за адзін месяц за межы Віцебска. 

Таксама асуджаны быў прымушаны судом знаходзіцца па месцы жыхарства з 23.00 да 06.00 раніцы наступных сутак, а ў вольны ад працы час выканаць грамадска карысныя працы ў аб'ёме 100 гадзін.

Варта адзначыць, што асобы, якія маюць судзімасць, не падлягаюць прызыву да яе пагашэння. Пасля яе пагашэння, маладыя людзі зноў будуць выкліканы ў ваенкамат для праходжання медыцынскага агляду і накіравання ў войска. 

Але прыцягненне да крымінальнай адказнасці спараджае не мала праблем. А менавіта могуць з'явіцца цяжкасці з працаўладкаваннем, выездам за мяжу, атрыманнем крэдыту ў банку і г.д., але ад службы ў войскі не вызваляе.

Адсюль можна зрабіць выснову аб тым, што “адкасіць” ад тэрміновай службы ў войску ў сучаснай Беларусі практычна немагчыма, ну калі толькі з прычыны сур'ёзнага захворвання ці рэальнай інваліднасці. 

Віталь Кажух