Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 05 Чэрвень 2015

32 тысячы жыхароў Віцебскай вобласьці ўнесеныя ў сьпісы дармаедаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падатковыя органы Віцебскай вобласьці працягваюць карпатлівую працу па зьверцы даходаў і расходаў фізычных асоб і выяўленьні фактаў незадэкляраваных паступленьняў. У выніку на Віцебшчыне з пачатку году грамадзянам прад’яўлена да выплаты 3 мільярды рублёў падаходнага падатку.

Як паведаміў першы намесьнік начальніка інспэкцыі МПЗ па Віцебскай вобласьці Валер Лабацэвіч, у цэлым за 4 месяцы 2015-га дэклярацыі аб даходах і маёмасьці запатрабаваныя ў 1,6 тысячы чалавек. Апроч таго, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі Дэкрэту №3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» асаблівая ўвага ў бягучым годзе надаецца кантролю за даходамі грамадзян, якія ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржвыдаткаў. У сувязі з гэтым у рэгіёне фармуецца адмысловы рэестар працаздольных грамадзян, якія ня маюць афіцыйных крыніц грашовых сродкаў у Беларусі.

«На сёньняшні дзень рэестар зьмяшчае зьвесткі пра 32 тысячы жыхароў вобласьці, - удакладніў Валер Лабацэвіч. - Больш за ўсё іх у Віцебску (7,5 тысячы) і Полацку (4,9 тысячы). Амаль у тысячы ўжо выпатрабаваныя дэкларацыі пра даходы і маёмасьць. Па выніках праверкі прыкладна 140 грамадзянам прад’яўлены да выплаты падаходны падатак у суме 1 мільярд рублёў».

vitvesti.by