Чацвер, 04 Жнівень 2022

Супраць затрыманага прадпрымальніка, які прыехаў з Польшчы, распачалі крымінальную справу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Барыс Элькін, затрыманы 1-га жніўня жыхар Віцебску, падаў скаргу на супроць праўныя дзеянні – ён лічыць, што яго затрымалі незаконна. Скаргу разбіраў асабіста старшыня Першамайскага райсуду Андрэй Андрушэнка, і разбор адбываўся на закрытым пасяджэнні. Праваабаронцы мяркуюць, што акалічнасці справы, распачатай супраць Барыса Элькіна, таксама будуць максімальна засакрэчаны, і не выключаюць, што яе распачалі паводле «пратэстнага» артыкула 293 (ч.1) Крымінальнага Кодэксу – «арганізацыя масавых беспарадкаў».

Ураджэнец Віцебску Барыс Элькін ужо шмат гадоў жыве за межамі Беларусі, апошнія некалькі гадоў – у Польшчы. Там ён мае будаўнічы бізнес і з’яўляецца адным з сузаснавальнікаў кампаніі Bel.Pol.Bud.spzoo, якая наймае на працу беларусаў і дапамагае ўкраінскім уцекачам. Час ад часу прадпрымальнік прыязджае на Радзіму, дзе ў яго засталіся сваякі. Падчас апошняга прыезду яго затрымалі, калі ён выходзіў з аўтамабіля каля ўласнага дому. У Барыса Элькіна правялі ператрус, забралі аргтэхніку. Прадпрымальніка трымаюць пад вартай, не гледзячы на праблемы са здароўем.

У родным горадзе Элькіна ведаюць як прыхільніка дэмакратычных пераменаў. Калі ў 2004-м годзе ў віцебскія прадпрымальнікі распачалі галадоўку супраць створаных мясцовымі ўладамі перашкодаў для гандлю, Барыс Элькін быў адным з яе арганізатараў.

Таццяна Віктарава