Аўторак, 26 Красавік 2022

Звольнены мастацкі кіраўнік тэатру імя Якуба Коласа Міхаіл Краснабаеў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Менавіта ён паставіў спектакль «Ціль», які быў забаронены адразу пасля прэм’еры 21 лістапада мінулага году. Неўзабаве пасля прэм’еры, 1 снежня мінулага году быў звольнены дырэктар тэатру Аляксандр Старых, а ў пачатку гэтага году пасады ў тэатры страцілі акторы Юлія Крашэўская і Арцём Герак. Цяпер падышоў да сканчэння працоўны кантракт з Міхаілам Краснабаевым, і яго не працягнулі. У тэатры лічаць, што шэраг звальненняў наўпрост звязаны з тым, што спектакль «Ціль» не ўпадабала высокае начальства – за тое, што са сцэны прагучалі словы «Жыве Фландрыя!», а ў якасці дэталяў касцюмаў былі выкарыстаны белыя і чырвоныя стужкі.

Спектакль «Ціль» быў пастаўлены паводле пʼесы расейскага драматурга Рыгора Горына, якую ён напісаў на падставе раману бельгійскага пісьменніка Шарля Дэ Кастэра «Ціль Уленшпігель». Раман і спектакль распавядаюць пра барацьбу фламандцаў супраць іспанскага валадарства ў 16 стагоддзі. П’еса для пастаноўкі была перакладзена на беларускую мову, і фраза «Жыве Фландрыя!» была ўсяго толькі літаральным перакладам лозунгу «Да здравствует Фландрия!»

Прэм’ерай спектакля «Ціль» тэатр імя Якуба Коласа адзначаў сваё 95-годдзе. У залі прысутнічалі кіраўнікі Віцебскай вобласці і прадстаўнікі Мінкульту. Ніхто з іх афіцыйна не патлумачыў, чаму адразу ж пасля прэм’еры спектакль знялі з рэпертуару.

Месяц таму калектыву тэатру прадставілі новага дырэктара. Прызначэнне на гэтую пасаду атрымала Юлія Харкевіч, якая больш за дванаццаць гадоў працавала на пасадзе намесніка дырэктара, а з 1 снежня 2021 году была выканаўцам абавязкаў дырэктара. Міхаіл Краснабаеў таксама «старажыл» у тэатры імя Якуба Коласа: ён прыйшоў сюды на працу па сканчэнні ВНУ ў 1985 годзе. Да 2004 году ён быў акторам, потым перайшоў на пасаду рэжысёра, а з 2017 году стаў мастацкім кіраўніком тэатру. Менавіта ён паставіў спектаклі па творах Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Леаніды не вернуцца да Зямлі».

Феліцыян Красоўскі