Друкаваць гэтую старонку
Серада, 30 Сакавік 2022

«Аднабаковае» свята

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі рыхтуюцца сустрэць у Талачыне і ў Шуміліне. Нягледзячы на тое, што гэтыя раёны нават не памежныя з Расейскай Федэрацыяй, раённыя ўлады абвясцілі, што 1 красавіка ўрачыста адзначаць «яднанне» з расейскім народам. Але ў найбліжэйшых да Віцебшчыны расейскіх рэгіёнах не збіраюцца наўзаем адзначаць «еднасць» з беларусамі.

1 красавіка ў Шумілінскім раённым цэнтры культуры анансавана мерапрыемства пад назвай «Дзве краіны – адзін лёс». У святле падзеяў ва Украіне назва імпрэзы гучыць не проста прэтэнцыёзна, але ж і надта двухсэнсоўна. У наўпростым разуменні яна азначае, што Шумілінскія ўлады бяруць на сябе смеласць заяўляць, што ўсе беларусы падзяляюць палітыку Расейскай Федэрацыі. Ці канкрэтна гэта маюць на ўвазе арганізатары, застаецца не зразумелым: праграму мерапрыемства мясцовыя СМІ  не абвясцілі. Найхутчэй, усё пойдзе па звыклай завядзёнцы: урачысты сход мясцовага кіраўніцтва плюс канцэрт.

Па такой самай схеме збіраюцца адзначыць Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі  і ў Талачыне. Што праўда, урачыстае мерапрыемства палічылі зрабіць за лепшае безназоўным. Яно таксама адбудзецца 1 красавіка, і наведаць яго за 3 рублі зможа кожны ахвотны.

І ў адным, і ў другім выпадку праглядаецца выразная пазіцыя мясцовых уладаў: імпрэзы вырашана праводзіць у апошні працоўны дзень тыдня, каб не марнаваць выходны дзень на дэманстраванне каляндарнага «яднання». Бо насамрэч Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі прымеркаваны да 2 красавіка – менавіта ў гэты дзень у 1996 г. Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі ў Маскве Дамову «Аб стварэнні Супольнасці Расеі і Беларусі». І праз год, 2 красавіка 1997 года, быў падпісаны Дагавор »Аб Саюзе Беларусі і Расеі.

У Беларусі ўсе апошнія гады дзень 2 красавіка на дзяржаўным узроўні адзначаюць паказальна: па ўсёй краіне вывешваюць сцягі суседняй дзяржавы на знак прыязнасці да «старэйшага брата». Да «малодшых братоў» у Расеі ставяцца куды больш стрымана: прынамсі, у расейскай «глыбінцы» не праводзяць імпрэзаў у гонар Беларусі і беларусаў.


Эмілія Протас