Аўторак, 01 Люты 2022

«Віцебскаблмаёмасць» рапартуе аб высокіх тэмпах продажу дзяржаўных аб'ектаў нерухомасці

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Усяго за студзень 2022 году прададзена 11 аб'ектаў на суму больш за 500 тысяч рублёў, з іх на аўкцыёнах з пачатковай цаной у памеры 1 базавай велічыні – 9 абʼектаў. Усяго ж сёлета да продажу на аўкцыёне, арганізаваным камітэтам, запланавана больш за 340 абʼектаў рэспубліканскай і камунальнай уласнасці, якія не выкарыстоўваюцца. З іх больш за 150 будуць выстаўлены ўпершыню.

З агульнай колькасці прапанаваных да продажу капітальных забудоваў значную частку складаюць, аб'екты сацыяльнай сферы ў сельскай мясцовасці. У спісах на продаж значыцца больш за 100 будынкаў школ і дзіцячых садкоў.

Астатнія 195 дзейных сярэдніх і іншых навучальных установаў, якія размешчаныя ў вёсцы ў 21 раёне Віцебскай вобласці, хутка могуць апынуцца ў ліку закрытых і стануць абʼектамі таргоў за 1 базавую велічыню, таму што дэмаграфічная сітуацыя ў вобласці блізкая да катастрафічнай.

Разам з былымі аб’ектамі адукацыйнай інфраструктуры пойдуць «з малатка» таксама 30 сельскіх дамоў культуры і бібліятэк, якімі карысталіся раней вясковыя жыхары вобласці.

Камітэтам «Віцебскаблмаёмасць» таксама прапануюцца розныя адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі: склады, гаражы, магазіны і шэраг іншых абʼектаў. Аднак на гэтыя абʼекты попыт на рынку нерухомасці невысокі.

Іван Чайка