Друкаваць гэтую старонку
Субота, 29 Студзень 2022

Улады Віцебскай вобласці праінфармавалі аб тым, хто будзе працаваць у камісіях на «рэферэндуме»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На большасці сайтах райвыканкамаў Віцебскай вобласці ўжо можна знайсці поўную інфармацыю аб складах камісіяў для правядзення так званага рэферэндуму па прыняцці дапаўненняў і зменаў дзейнай Канстытуцыі краіны, а таксама аб тым, хто ўваходзіць у іх кіраўніцтва і на якіх адрасах размешчаныя камісіі, па якіх графіках працуюць.

У выбарчым заканадаўстве няма патрабавання публікаваць склады камісіяў на сайтах выканаўчых органаў улады, трэба толькі абнародаваць гэтыя дадзеныя ў друку (г.зн. на старонках раённых газет). Аднак адкрытая інфармацыя пра сябраў камісіяў з'явілася, што трэба лічыць станоўчым крытэрыем галоснасці надыходзячай электаральнай кампаніі.

Аднак ёсць выканкамы, якія не імкнуцца публікаваць на сваіх сайтах інфармацыю аб складах створаных тэрытарыяльных камісіяў.

Так, на сайце Сенненскага райвыканкаму (старшыня – Ігар Мароз) увечары 28 студзеня была інфармацыя, у якой пададзеныя толькі звесткі аб старшыні Сенненскай раённай камісіі па рэферэндуме, яго намесніку і сакратару. Звесткі аб астатніх сябрах камісіі (і ад каго яны былі вылучаныя) адсутнічалі. На сайце Расонскага райвыканкаму (старшыня – Уладзімір Быкаў) інфармацыя аб камісіях адсутнічае цалкам.

Усе раённыя камісіі для правядзення «рэферэндуму» маюць па 13 сябраў, што зʼяўляецца мінімальнай колькасцю, дазволенай дзейным выбарчым законам. Незразумела чаму, але ўсе раённыя камісіі створаныя па шаблоне, без уліку колькасці грамадзян, якія маюць прагаласаваць на тэрыторыі той ці іншай адміністрацыйнай адзінкі. А розніца сапраўды вялікая: ад 15-20 тыс. у сельскагаспадарчых раёнах вобласці, да 50-60 тыс. – у адміністрацыйных раёнах Віцебску.

Гэтым разам прадстаўнікоў партый сярод сябраў камісіяў – мінімальная колькасць, а ў складзе кіраўніцтва камісіяў і сакратароў іх і зусім няма.

На 338 чальцоў камісіяў, у тым ліку і Віцебскую абласную, прыпадае 11 сябраў Камуністычнай партыі Беларусі, што складае ўсяго толькі 3% ад агульнай колькасці. Сябраў іншых партый, як апазіцыйных, так і праўладных, няма ў складзе камісіяў.

Віталь Кажух