Пятніца, 03 Снежань 2021

Эксперт: Санкцыі могуць перашкодзіць інвестыцыям у эканоміку Віцебскай вобласці

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Нягледзячы на ​​палітычны крызіс і рэпрэсіі, якія працягваюцца ў дачыненні прадстаўнікоў апазіцыі, замежныя інвестары праяўляюць цікавасць да рэалізацыі праектаў на пляцоўках Свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск». Пра гэта стала вядома падчас правядзення 2-3 снежня ў абласным цэнтры дзявятага Міжнароднага эканамічнага форуму «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы». 

Гэтак, падчас прэзентацыі патэнцыялу свабоднай эканамічнай зоны на IX Міжнародным эканамічным форуме ў Віцебску кіраўніцтва СЭЗ акцэнтавала ўвагу на арганізацыі вытворчасцяў на аснове мясцовай сыравіны.

Было выказанае пажаданне пачаць супрацу па ўключэнні ў вытворчы абарот драўнянай некандыцыі, якой маецца шмат у лясах Віцебскай вобласці. На арганізацыю такой вытворчасці ўжо даў згоду інвестар са Швецыі ў партнёрстве з бізнесоўцам з Кітаю. Фірмы гатовыя інвеставаць 100 млн. долараў у будаўніцтва заводу па перапрацоўцы нізкагатунковай драўніны. 

Бізнесоўцы з Нідэрландаў шукаюць пляцоўку для арганізацыі вытворчасці мэблі з аб'ёмам інвестыцый каля 100 млн. еўра. Адначасова яны прапрацоўваюць варыянты кааперацыі з дзейнымі рэзідэнтамі СЭЗ «Віцебск» па набыцці матэрыялаў для вырабу мэблевай прадукцыі. 

Нямецкая кампанія плануе стварыць вытворчасць тэраснай дошкі коштам каля 9 млн. долараў, кітайскія бізнесмены ўжо зарэгістравалі ў Віцебску юрыдычную асобу для працы па праектах таксама ў сферы дрэваапрацоўкі з меркаваным аб'ёмам інвестыцыяў каля 26 млн. долараў. Па папярэдніх ацэнках, мяркуецца стварэнне сумарна больш за 1000 новых працоўных месцаў. 

Але не ўсе эканамісты падзяляюць аптымізм віцебскіх уладаў наконт інвестыцыяў у вытворчую сферу рэгіёну. 

«Час пакажа, ці наканавана спраўдзіцца намечаным інвестыцыйным планам мясцовых уладаў. Рэальнай пагрозай гэтаму могуць стаць санкцыйны ціск на Беларусь з боку заходніх партнёраў», - падвёў вынікі форуму незалежны эксперт. 

Віталь Кажух