Серада, 01 Снежань 2021

Мігрант са Шры-Ланкі памёр на беларуска-літоўскай мяжы, а яго суайчыннікаў адправілі на лячэнне

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Гэтая трагедыя адбылася 28 лістапада на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага пагранатраду, што знаходзіцца ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Па факце смерці мігранта заведзеная крымінальная справа. Справай займаецца СК па Віцебскай вобласці. Яшчэ трое парушальнікаў мяжы былі адпраўленыя ў Браслаўскую раённую лякарню з абмаражэннем ног.

Падчас пошукавых мерапрыемстваў у памежнай зоне недалёка ад месца, дзе знайшлі труп, былі выяўленыя яшчэ трое парушальнікаў пагранічнага рэжыму. Са слоў затрыманых, яны прыбылі на тэрыторыю Беларусі з далёкай і спякотнай Шры-Ланкі, але пацвердзіць сваё грамадзянства не маглі – у іх не было дакументаў.

Па словах затрыманых, іх было, разам з загінулым мужчынам, чацвёра, і яны мелі намер трапіць праз беларуска-літоўскую мяжу на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу. Але заблукалі і доўга хадзілі па беларускіх лясах. Беднае харчаванне і нязвыклыя ўмовы надвор'я прывялі іх да крайняга фізічнага знясілення і абмаражэння ног.

Тым не менш, у нейкі момант, як сцвярджаюць, яны апынуліся ў Літве, і былі затрыманыя літоўскімі памежнікамі, якія, па словах мігрантаў, збілі іх, а затым вярнулі на беларускую тэрыторыю.

Як сцвярджаюць парушальнікі правіла перасячэння мяжы, літоўскія праваахоўнікі запалохвалі іх, нацкоўвалі службовых сабак.

Цалкам магчыма, што мігранты маглі прыдумаць пра нецывілізаваны абыход з боку літоўскіх сілавікоў. Магчыма, яны абгаварылі літоўскіх памежнікаў, каб змякчыць пакаранне за незаконнае знаходжанне ў памежнай зоне і каб пазбегнуць санкцый за падвойнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

Пасля затрымання зламыснікаў, беларускія памежнікі выклікалі брыгаду хуткай медычнай дапамогі. Пасля  агляду медыкі павезлі замежных грамадзян у Браслаўскую цэнтральную раённую больніцу для ўдакладнення дыягназу і лячэння выяўленых захворванняў.

Следчаму ж камітэту па Віцебскай вобласці яшчэ трэба разабрацца ў гэтай гісторыі і даць дзеянням грамадзянаў Шры-Ланкі прававую ацэнку.

Віталь Кажух