Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 15 Кастрычнік 2021

Беларускія мытнікі адмовіліся лічыць кантрабанду цыгарэт злачынствам

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

Мытны камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў праваабаронцу Паўлу Левінаву, што калі кантрабандны тавар быў перамешчаны непасрэдна праз мытню ў працоўны час, то ў гэтым няма складу злачынства. А Генеральная пракуратура краіны адмовілася даць прававую ацэнку фактам кантрабаднага перамяшчэння буйных партый цыгарэт праз беларускія мытныя пасты.

На падставе інфармацыі, атрыманай з Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы аб затрыманні буйных партый цыгарэт, якія прыбывалі з боку Беларусі, Павел Левінаў звярнуўся ў беларускую Генеральную пракуратуру з заявай. Калі цыгарэты былі вырабленыя на беларускіх прадпрыемствах і перавозіліся праз беларускія мытныя пункты як легальны тавар, але затрымліваліся як кантрабандны тавар у Польшчы, то ў праваабаронцы паўсталі пытанні да працы беларускіх мытнікаў.

Каб развеяць сумненні, ён і звярнуўся ў Генпракуратуру з заявай аб правядзенні праверкі фактаў кантрабанды цыгарэт у межах крымінальнага справаводства.

У сваёй заяве праваабаронца выказаў меркаванне аб магчымым садзейнічанні беларускіх мытных органаў кантрабандыстам ў перамяшчэнні тытунёвых вырабаў праз дзяржаўную мяжу. А таксама пра тое, што ў мытных органах краіны дзейнічаюць арганізаваныя злачынныя групы, якія незаконна перамяшчаюць праз мытную мяжу кантрабанду ў буйным памеры, а службовыя асобы Мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца ўдзельнікамі злачынных схемаў.

«Я папрасіў Генпракуратуру распачаць крымінальныя справы па ўсіх фактах незаконнага перамяшчэння праз мытную мяжу на сумежныя тэрыторыі кантрабандных цыгарэт у буйным памеры і паінфармаваць мяне аб прынятым рашэнні», – паведаміў пра свае патрабаванні праваабаронца.

Але ў Генеральнай пракуратуры вырашылі не распачынаць крымінальную справу ў дачыненні да мытні, а заяву Левінава накіравалі ў Дзяржаўны мытны камітэт з просьбай да кіраўніцтва ДМК паведаміць аб выніках праверкі выкладзеных фактаў кантрабанды.

У сваім адказе намеснік старшыні ДМК Эдуард Даніловіч патлумачыў праваабаронцу склад артыкулаў 228 і 228-1 Крымінальнага кодэксу. З гэтых тлумачэнняў стала зразумелая пазіцыя беларускіх мытнікаў да кантрабанды цыгарэт. Яны лічаць, што яе не было ў выпадку, калі кантрабандны тавар быў перамешчаны непасрэдна праз мытны пункт у працоўны час. А тое, што беларускія мытнікі не знайшлі цыгарэт, то гэта не караецца, нават калі польскія службы іх выявілі.

«У сувязі з чым у пералічаных ў Вашым звароце фактах адсутнічаюць прыкметы кантрабанды або незаконнага перамяшчэння тавараў праз мытную мяжу, адказнасць за якую прадугледжаная крымінальным заканадаўствам», - паведаміў Даніловіч праваабаронцу Левінаву.

 Віталь Кажух