Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 23 Жнівень 2021

Як петыцыямі і заклікамі ўлады Наваполацку змагаюцца з санкцыямі

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Апошнім часам гарадскія ўлады Наваполацку спрабуюць супрацьстаяць уведзеным ўрадамі еўрапейскіх краін і ЗША эканамічным санкцыям. Пры гэтым мясцовыя выканаўчая і прадстаўнічая ўлады робяць гэта скаардынавана - рознымі спосабамі і з рознымі вынікамі.

Гэтак, цягам лета 2021 году кіраўніцтва Наваполацкага гарвыканкаму ініцыявала збор подпісаў сярод працаўнікоў мясцовых прадпрыемстваў за адмену ўведзеных санкцый. Пад гэтай ініцыятывай падпісалася амаль 16 тысяч жыхароў горада. Чыноўнікам з выканкаму ўдалося знайсці і пераканаць 120 чалавек, каб тыя запісалі і выставілі ў інтэрнэт відэазвароты супраць эканамічнага «задушэння беларускай прамысловасці».

У залік мясцовым уладам можна запісаць зварот работнікаў «Нафтану» да Кангрэсу, Міністэрства фінансаў і Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША з патрабаваннем спынення санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Гэтую петыцыю падпісала амаль 6 тысяч чалавек.

Дэпутаты Наваполацкага гарадскога Савету вырашылі змагацца за адмену санкцый іншым спосабам. Напачатку ліпеня 2021 году кіраўніцтва гарсавету накіравала зварот гарадам-пабрацімам Наваполацку. Зварот даслалі да кіраўніцтва гарадоў Скадоўск (Украіна), Мажэйкяй (Літва), Лудза і Вентспілс (Латвія), Плоцк і Астравец-Свентакшыскі (Польшча). У ім утрымліваўся заклік зрабіць усё магчымае для захавання міру і згоды паміж гарадамі і краінамі, да ўзаемнай павагі суверэнітэту і незалежнасці дзяржаваў.

З шасці гарадоў-адрасатаў адказалі толькі ўлады латвійскага Вентспілса. Кіраўніцтва гэтага горада з разуменнем аднеслася да заклапочанасці депутацкага корпусу магчымымі негатыўнымі наступствамі санкцый і выказала «шчырую падтрымку» беларусам і ўласна Наваполацку.

Віталь Кажух