Пятніца, 11 Студзень 2019

Віцебскі аблвыканкам зьмяніў сацстандарты: інтэрнэт, дактары, хуткая дапамога

Ацаніць гэты матэрыял
(18 галасоў)
Фота: tut.by Фота: tut.by

Віцебскі аблвыканкам унёс зьмены ў сацыяльныя стандарты абслугоўваньня насельніцтва Віцебскай вобласьці. Зьмяненьні тычацца нарматываў забясьпечанасьці грамадзян дактарамі агульнай практыкі, брыгадамі хуткай мэдычнай дапамогі і паслугамі шырокапалоснага інтэрнэту.

Рашэньне Віцебскага аблвыканкама аб унясеньні зьменаў у пералік дзяржаўных сацстандартаў было апублікаванае 11 студзеня 2019 году. Ранейшыя стандарты дзейнічалі ад 2011 году. Ці палепшыліся?

1 лекар на 1,5 тыс. дарослых людзей

Паводле старых нарматываў, 1 лекар агульнай практыкі прыходзіўся на 1,3 тыс. жыхароў, 1 участковы тэрапэўт – на 1,7 тыс., 1 участковы ўрач-пэдыятар – на 0,8 тыс. дзіцячага насельніцтва.

Што зьмянілася? Амаль нічога. Але ў новай рэдакцыі нарматыў забясьпечанасьці лекарамі агульнай практыкі ўдакладнілі такім чынам: 1 лекар – на 1,3 тыс. дарослага і дзіцячага насельніцтва і 1 лекар – на 1,5 тыс. дарослага насельніцтва.

Як мы зразумелі, цяпер у мясцовасьці, дзе “дзіцячага насельніцтва” зусім няма, будуць кіравацца больш нізкім стандартам.

Хуткая дапамога: 3 брыгады на 15 тыс. жыхароў

Зазнаў зьмены і стандарт забясьпечанасьці брыгадамі хуткай дапамогі. Паводле ранейшага нарматыву, адна брыгада хуткай мэдычнай дапамогі мусіла прыпадаць на 12 тыс. чалавек. Цяпер інакш:

  • 2 брыгады хуткай мэдычнай дапамогі – на раён з насельніцтвам да 15 тыс. чалавек.
  • 3 брыгады – на раён з насельніцтвам ад 15 да 35 тыс. жыхароў.
  • 3 брыгады – на 35 тыс. жыхароў плюс дадаткова 1 брыгада на кожныя 12 тысяч жыхароў звыш 35-ці тысяч.

Шырокапалосны інтэрнэт – ад 300 жыхароў

І нарэшце пра інтэрнэт. Тут дзейны ад 2011 году нарматыў палепшылі аж у 5 разоў.

Паводле новага стандарту, магчымасьць атрымаць паслугі шырокапалоснага доступу ў сетку Інтэрнэт павінны мець жыхары ўсіх населеных пунктаў з насельніцтвам 300 жыхароў і больш (раней было – ад 1,5 тыс. жыхароў).

Да ведама: яшчэ некалькі стандартаў (2011)

  • Наяўнасьць грамадзкіх прыбіральняў у гарадах і гарадзкіх пасёлках: ня менш за адну на 1 тыс. жыхароў.
  • Удзельная вага асьветленых вуліц: ня менш за 80%.
  • Нарматыў забясьпечанасьці дзяцей дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі: 85%.
  • Нарматыў забясьпечанасьці выдаткаў на культуру ў пераліку на аднаго чалавека: 1,5 базавыя велічыні (зь іх 1,3 б.в. – за кошт бюджэтнага фінансаваньня).

Зьміцер Міраш