Аўторак, 22 Верасень 2015

Крык пэнсіянэркі аб дапамозе дэпутат не пачуў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебская пэнсіянэрка Тацьцяна Сушкевіч не змагла знайсьці дапамогі ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Віцебскай Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Сяргея Бохана. Дэпутат не спыніў высяленьне пэнсіянэркі зь ведамаснага інтэрнату, які належыць ААТ «Віцебскаблаўтатранс».

Яшчэ на пачатку лета Тацьцяна Іванаўна зьвярнулася да генэральнага дырэктара ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Васіля Дзятлава з просьбай заключыць зь ёй дамову найму жылога памяшканьня ў ведамасным інтэрнаце, які належыць да катэгорыі дзяржаўнага жылога фонду. У адказ гендырэктар паведаміў пэнсіянэрцы, што заключэньне такой дамовы прызнанае немэтазгодным.

Ён прапанаваў заключыць іншую дамову - з умовай долевага ўдзелу ў выдатках па ўтрыманьні інтэрнату паміж ААТ «Віцебскаблаўтатранс» і юрыдычнай асобай, якая ў адносінах да Сушкевіч зьяўляецца працадаўцам - «АТП №1 г. Віцебску». Спадар Дзятлаў, аднак, схітраваў: такую дамову заключыць з працадаўцам аказалася немагчымым з прычыны таго, што Тацьцяна Іванаўна ўжо знаходзіцца на пэнсіі.

Шукаючы спосабу прадухіліць пэрспэктыву стаць «асобай бяз пэўнага месца жыхарства», пажылы заслужаны чалавек зьвярнулася да дэпутата парлямэнту Сяргея Бохана з благаньнем аб дапамозе. Але ўсё, што здолеў зрабіць дэпутат, дык гэта накіраваць кіраўніцтву ААТ «Віцебскаблаўтатранс» просьбу аказаць садзейнічаньне ў вырашэньні пытаньня далейшага пражываньня пэнсіянэркі ў ведамасным інтэрнаце.

Фармальнае стаўленьне дэпутата да звароту яго выбаршчыка прывяло, у рэшце рэшт, да вырашэньня пытаньня судом. Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пастанавіў, што спадарыня Сушкевіч падлягае высяленьню з інтэрнату без даваньня ёй іншага жылога памяшканьня. Таксама было вырашана спагнаць зь яе судовыя выдаткі ў памеры 540 000 рублёў.

У паніцы віцебская пэнсіянэрка зноў зьвярнулася да дэпутата з просьбай зрабіць апэратыўныя дзейсныя захады па недапушчэньні яе ператварэньня ў вулічнага бяздомнага. Дэпутат Бохан адказаў: калі суд вырашыў Вас выселіць, дык дамагайцеся скасаваньня рашэньня суду ў вышэйстаячых судовых інстанцыях. І, як той казаў, з чыстым сумленьнем і спакойным сэрцам умыў рукі.

Да гэтага кашмару, які перажыла жанчына, дадаўся яшчэ адзін удар, цяпер ужо з боку Віцебскага гарвыканкаму. Гэты ўладны орган без тлумачэньня прычын адмовіў пэнсіянэрцы ў пастаноўцы яе на ўлік як чалавека, які мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў.

Як сьведчаць праваабаронцы, сытуацыя, у якой апынулася Тацьцяна Сушкевіч, зьяўляецца не адзінкавай і носіць масавы характар. Яна тыповая ня толькі для Віцебскай вобласьці, але і для ўсёй краіны. Слугі народу - дэпутаты беларускага парлямэнту часьцяком атрымліваюць падобныя просьбы аб дапамозе ў вырашэньні жыльлёвых пытаньняў. І як прадстаўнікі найвышэйшага заканадаўчага органу краіны маглі б дапамагчы сваім выбаршчыкам праз прыняцьце такіх законаў, якія раз і назаўжды вырашылі б шмат якія жыльлёвыя праблемы грамадзян краіны. Аднак, мяркуючы па фармальным рэагаваньні на просьбы выбаршчыкаў на прыкладзе таго ж дэпутата Бохана, народныя абраньнікі ня маюць палітычнай волі на абарону правоў і законных інтарэсаў сваіх выбаршчыкаў.

Віцебская вясна