Нядзеля, 10 Верасень 2017

Напярэдадні расейска-беларускіх вучэньняў вайскоўцы папярэджваюць віцебчукоў пра небясьпеку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Напярэдадні расейска-беларускіх вучэньняў вайскоўцы папярэджваюць віцебчукоў пра небясьпеку Фота: vsr.mil.by

На тэрыторыі палігону «Лосьвіда», што разьмешчаны ў 13-ці кілямэтрах ад Віцебску, штодня праходзяць баявыя стрэльбы, пускі ракет, падрыўныя работы, кіраваньне баявымі машынамі і іншыя небясьпечныя для жыцьця і здароўя чалавека мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі войскаў. Вайскоўцы папярэджваюць: у выніку правядзеньня стрэльбаў, а таксама вучэньняў у месцах іх правядзеньня могуць заставацца неразарваныя боепрыпасы, якія, знаходзячыся ў зямлі ці ў густой траве, ня бачныя і ўяўляюць сьмяротную небясьпеку.

Палігон «Лосьвіда» належыць да вайсковай часткі 52287. Ён разьмешчаны ў непасрэднай блізкасьці і мяжуе зь піянэрскім лягерам «Ліпкі» РУП ДСК, а таксама вёскай Машкіна. Найбліжэйшыя да палігону населеныя пункты, разьмешчаныя ў радыюсе 5 кілямэтраў, – Вялікае Лосьвіда, Саўчанкі, Бліны, Заронава, Палойнікі, Іванава.

У мэтах выкананьня патрабаваньняў бясьпекі тэрыторыя палігону па пэрымэтры пазначаная паказальнікамі, якія забараняюць праезд, праход на тэрыторыю палігону, а таксама кіроўным складам палігону штомесяц ладзіцца інфармаваньне і прафіляктыка няшчасных выпадкаў праз аб'езд мясцовых сельскіх саветаў, арганізацыяў, школаў, разьмешчаных паблізу палігону, дзе зь мясцовым насельніцтвам праводзяць гутаркі, разьвешваюць яркія інфармацыйныя ўлёткі. Апроч гэтага ў дні правядзеньня баявых стрэльбаў праезд, а таксама праход грамадзян на тэрыторыю палігону абмежаваны ачапленьнем палігону.

На жаль, нягледзячы на ўсе захады, што робяцца, ня ўсе жыхары навакольных вёсак і грамадзяне, якія прыяжджаюць зь іншых населеных пунктаў, усьведамляюць небясьпеку знаходжаньня на забароненай тэрыторыі, пагарджаюць бясьпекай свайго жыцьця і жыцьцяў сваіх дзяцей. Пры гэтым людзі маюць розныя мэты: многія ідуць з мэтай збору грыбоў і ягад, хтосьці – шпацыраў і пікнікоў, а хтосьці для збору мэталёвага лому або нарыхтоўкі дроў.

Паважаныя грамадзяне! Ня падвяргайце небясьпецы сябе і сваіх дзяцей! Абыдзіце палігон стараною! Не падбірайце, тым больш не разьбірайце неразарваныя боепрыпасы і іншыя незнаёмыя прадметы. Гэта сьмяротна небясьпечна для вашага жыцьця і здароўя!

Аўтар: Вадзім Шадура, камандзір 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі палкоўнік, vitbichi.by