Панядзелак, 23 Лістапад 2015

Па пяцьдзясят тысяч рублёў з брата – за міт

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як стала вядома, выраб і ўсталяваньне ў цэнтральнай частцы Віцебску помніку сям'і наўгародзкага князя Аляксандра «Неўскага» перайшло ў практычную плашчыню. Для выкананьня ўсіх работ коштам у 3,4 мільярду рублёў гарадзкія ўлады вырашылі ажыцьцявіць збор дабрачынных адлічэньняў і прапанавалі прадпрымальнікам пералічыць ня менш як па 50 тысяч рублёў на спэцрахунак, адкрыты ў адным з банкаў.

Аднак шматлікім жыхарам Віцебску ідэя ўзьвядзеньня такога помніку здаецца бязглуздай, паколькі ў яе аснове ляжаць скажоныя гістарычныя факты. Для доказу недарэчнасьці ўсёй задумы гарадзкіх уладаў дастаткова зрабіць маленькі гістарычны экскурс у раньнесярэднявечны Віцебск.

Князёўна Аляксандра (Параскева) Брачыслаўна належала да роду полацкіх князёў. Яе бацькам быў князь Брачыслаў Васількавіч, апошні з дынастыі Рурыкавічаў. У той час, як бацька займаўся пераважна ваеннымі справамі, яна разам са сваёй маці фактычна кіравала княствам, чаму спрыяла выдатная адукацыя, якую яна атрымала: Аляксандра Брачыслаўна валодала мастацтвам вядзеньня перамоваў, ведала замежныя мовы.

Узімку 1238-1239 гадоў вялікі князь Уладзімерскі Яраслаў Усеваладавіч разам з сынам Аляксандрам, які стаў пазьней «Неўскім», князем Наўгародзкім, ідзе на Смаленск, каб адваяваць яго ў Літвы. Па заканчэньні вайны ён прымае валявое рашэньне жаніць свайго сына на Аляксандры Брачыслаўне, нягледзячы на ​​тое, што апошняя да таго часу прыняла манаскі пострыг.

Маладых павянчалі ў храме сьвятога Георгія ў горадзе Таропцы. Вось як апісвае факт жаніцьбы «Неўскага» Наўгародзкі першы летапіс: «В лѣто 6747 [1239]. Оженися князь Олександръ, сынъ Ярославль в Новѣгородѣ, поя в Полотьскѣ у Брячьслава дчерь, и вѣнчася в Торопчи; ту кашю чини, а в Новѣгородѣ другую. Того же лѣта князь Александръ с новгородци сруби городци по Шелонѣ».

Шлюб «Неўскага» і Аляксандры Брачыслаўны прынёс ім пяцярых дзяцей: Васіля, Дзьмітрыя, Андрэя, Данілу і Эўдакію.

Не захавалася пэўных зьвестак пра тое, калі менавіта княгіня Аляксандра Брачыслаўна адышла ў іншы сьвет. Вядома толькі, што пахавалі яе ва Ўладзімеры, у саборнай царкве Ўсьпенскага Княгініна манастыра.

У 1245 (паводле іншых крыніцаў, у 1248) годзе землі Смаленшчыны і Віцебшчыны пачынаюць актыўна атакаваць ліцьвіны. Васіль, першынец «Неўскага», у той час знаходзіўся ў Віцебску. Імаверна, ён быў намінальным князем-намесьнікам воласьці, васальна залежным ад Брачыслава, дзеда паводле матчынай лініі.

Магчыма, князь Аляксандар баяўся за жыцьцё свайго малалетняга сына, таму зь невялікай дружынай рушыў у Віцебск, каб забраць яго і перавезьці ў Ноўгарад. На зваротнай дарозе на князя напаў атрад ліцьвінаў, але яму ўдалося пазьбегнуць разгрому і разам са спадчыньнікам удала дабрацца да месца прызначэньня.

З гэтага гістарычнага экскурсу можна зрабіць наступныя вельмі важныя для нас высновы:

Шлюб паміж князёўнай Аляксандрай Брачыслаўнай і Аляксандрам «Неўскім» быў дынастычным, г.зн. шлюбам па палітычным разьліку, а не па каханьні. І сымбалічна, што помнік княжацкай сям'і, якая ўзьнікла дзеля палітычнай неабходнасьці, будзе стаяць непадалёк ад гарадзкога Палацу шлюбаў.

Вянчаньне маладых адбылося ў горадзе Таропцы (цяпер знаходзіцца ў Расеі ў Цьвярской губэрні), а не ў Віцебску. Пра гэта адназначна сьведчаць летапісы, і таму гэты гістарычны факт, зафіксаваны дакумэнтальна, не пакідае месца легендам і чынавенскім фальсыфікацыям гісторыі Віцебску.

У 1245 (або ў 1248) годзе Аляксандар «Неўскі» сьпешна эвакуяваў сваю сям'ю зь Віцебску, бо лічыў гэты горад небясьпечным месцам для сваёй сям'і праз пашырэньне на ўсход новапаўсталай беларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага.

Зразумела, што Віцебск быў для «Неўскага» чужым, таму ён ня стаў абараняць яго – чужую для яго радзіму жонкі, – а вырашыў замест бітвы ўцячы ад ваяроў-ліцьвінаў у Ноўгарад. Ратуючыся ўцёкамі, ён падверг рызыцы жыцьцё жонкі, а таксама свайго першынца і простага нашчадка Васіля.

Пасьля сваіх ганебных уцёкаў вялікі палкаводзец і трыумфатар Аляксандар «Неўскі» ў горадзе над Дзьвіной больш не зьяўляўся.

Гэтыя гістарычныя факты разьбіваюць ушчэнт аргумэнты чыноўнікаў Віцебскага гарвыканкаму, якія спрабуюць абгрунтаваць неабходнасьць усталяваньня помніку сям'і Аляксандра «Неўскага» ў Віцебску. І, як заўсёды, за гістарычныя фантазіі чыноўнікаў і іх імкненьне дагадзіць усходнім суседзям і прымазацца да іх гісторыі і славы павінны расплачваецца звычайныя віцебчукі.

Лявон Яфрэменка, Віцебская вясна