Субота, 15 Кастрычнік 2016

Дапамога ЭЗ на сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё Мёршчыны складзе каля 16 тысяч эўра

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Эўрапейскі зьвяз фінансава падтрымае і будзе прасоўваць наперад малы і сярэдні бізнэс у Мёрскім раёне. Сума дапамогі – недзе 16 тысяч эўра.

Адпаведная стратэгія разьвіцьця распрацоўвалася і ажыцьцяўлялася ў пэрыяд 1 студзеня – 15 верасьня мясцовай фундацыяй «Рэгіянальнае партнэрства» ў супрацы зь Мёрскім раённым выканаўчым камітэтам, Віцебскім абласным маркетынгавым цэнтрам у праекце ЭЗ/ПРААН «Спрыяньне разьвіцьцю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».

З мэтай вырашыць набалелыя пытаньні і праблемы на Мёршчыне праводзілі маркетынгавыя дасьледаваньні, удзельнікамі якіх сталі 376 чалавек. Вынікам стала распрацоўка канцэпцыі разьвіцьця рэгіёну з прадстаўленьнем пэрспэктыўных накірункаў і вызначэньнем свабодных нішаў у прамысловай сфэры і галіне паслуг.

Ладзіліся і адмысловыя сэмінары-трэнінгі, асаблівую цікавасьць да якіх праявіла моладзь, бізнэсоўцы, якія ўжо дамагліся посьпеху і якія толькі яшчэ сталі на гэтую дарогу. Такія мерапрыемствы дазволілі больш як 150 ахвотным падвысіць узровень сваёй адукацыі і атрымаць адказы на пытаньні, якія цікавяць.

Шмат хто раскрыўся і заявіў пра сябе дзякуючы конкурсу, які быў абвешчаны для суб'ектаў малога і сярэдняга бізнэсу Мёршчыны. Пераможцы – кіраўнікі сядзібаў «У Жураўля» і «Мацейкава сяліба» С. Жураўлёва і Г. Паўлоўская, а таксама індывідуальны прадпрымальнік А. Глебка.

Плюс да ўсяго, каб падтрымаць і разьвіваць бізнэс, на базе абласнога парталу newsvit.by стварылі электронны інфармацыйны цэнтар, які праводзіць лікбез для тых, хто распачынае сваю справу або проста зацікаўлены. Карыстальнікаў онлайн-кансультацыяў было шмат, таксама паступалі звароты і па тэлефоне, і непасрэдна ў Віцебскі абласны цэнтар маркетынгу – асноўны партнэр бізнэс-парталу.