Чацвер, 03 Чэрвень 2021

Памяшканне, у якім раней размяшчаўся арт-паб «Торвальд», выставілі на аўкцыён

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Будынак, у якім раней быў «Торвальд» Будынак, у якім раней быў «Торвальд»

Аўкцыён на права заключэння доўгатэрміновай дамовы на арэнду памяшкання, у якім раней размяшчаўся арт-паб «Торвальд» (вул. Талстога, 1) мае прайсці 7 чэрвеня. Арганізатарам выступае Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу. Заявы на ўдзел прымаюць да 4 чэрвеня ўключна. Стартавы кошт на права заключэння дамовы на арэнду - 865 рублёў 70 капеек.

Арт-паб «Торвальд» адкрыўся ў Віцебску як творчая пляцоўка ў 2015 годзе і спачатку размяшчаўся ў будынку на вуліцы Камсамольскай. Назву атрымаў у гонар ісландскага вандроўцы Торвальда, які, паводле гісторыкаў, напрыканцы X ст. заснаваў у Полацку кляштар і пабудаваў царкву.

Праз праблемы з суседзямі і абмежаванасцю памяшкання паб быў вымушаны ў 2016 годзе пераехаць на новае месца – на вуліцу Талстога. Цягам 4 гадоў тут праходзілі канцэрты, вечарыны, квізы, кінапаказы і іншыя культурніцкія імпрэзы. Адбываліся сустрэчы ў межах курсаў «Мова нанова», а таксама ініцыятывы «Добрая нагода» – пляцоўкі, дзе актывісты з розных грамадскіх арганізацыяў абмяркоўвалі мясцовыя праблемы.

У 2020 годзе, падчас пандэміі каронавірусу, арт-паб аказваў дапамогу віцебскім медыкам, гатаваў і развозіў ім абеды.

Увосень 2020 году ўстанова далучылася да агульнанацыянальнага страйку, пратэстуючы такім чынам супраць інаўгурацыі Лукашэнкі. Неўзабаве да іх прыйшлі з праверкай і высветлілася, што памяшканне не адпавядае патрабаванням тэхнікі бяспекі: калідоры занадта вузкія, прыступкі высокія і г.д. Да гэтага ўладальніку пабу ніякіх прэтэнзіяў ніхто не прад'яўляў. 11 студзеня 2021 года «Торвальд» быў вымушаны зачыніцца, а частку маёмасці выставіў на распродаж.

Памяшканне належыць арганізацыі «Дзяржбудуніверсал» («Госстройуниверсал»). Як запэўніла яе прадстаўніца, якая назвалася Аленай, у новага арандатара не мае быць праблем з кантрольнымі органамі. Нібыта ўсе недахопы ліквідаваныя. Але, прыкладам, шырыня калідораў засталася ранейшай.

«Я не маю права асуджаць дзеянні былога арандатара. Але цяпер з пажарнымі службамі праблем не будзе. Былі праходы маленькія, але цяпер змянілі. Ёсць новы план у БТІ», – сказала Алена.

Паводле ўмоваў аўкцыёну, пераможца мусіць заключыць дамову арэнды тэрмінам на 3 гады. Размяшчацца там будзе абʼект грамадскага харчавання. Агульная плошча памяшкання 204,9 метраў, да базавай арэнднай стаўкі дзейнічае падвышаны каэфіцыент 3.0.

«Бо гэта цэнтр гораду, добрае месца, камітэт паставіў самы высокі каэфіцыент», – кажа Алена. «За месяц давядзецца плаціць толькі за арэнду каля 3200 рублёў, плюс – за камунальныя паслугі. Агулам – блізу 7000 рублёў узімку», – дзеліцца падлікамі. У памяшканні яшчэ засталася мэбля і некаторыя рэчы колішніх арандатараў, але, па словах Алены, неўзабаве яны іх забяруць.

Стартавы кошт аўкцыёну на права заключэння дамовы на арэнду памяшкання складае 865 рублёў 70 капеек.

«Калі будзе адзін удзельнік аўкцыёну, то пачатковая цана падвышаецца на 5 працэнтаў», – паведаміла прадстаўніца Віцебскага цэнтру маркетынгу. Ці зарэгістраваўся хто на аўкцыён, яна не паведаміла, спаслаўшыся на таямніцу.

Нагадаем, «Торвальд» не адзіная ўстанова ў горадзе, якая пацярпела за сваю пазіцыю. Так, ад 1 чэрвеня 2021 году перастала дзейнічаць кавярня «Бісквіт». Там таксама праходзілі розныя культурніцкія імпрэзы – лекцыі, выставы, кінапаказы, канцэрты.

«Такія справы. Нас зачыняюць, хаця былі магчымасці працаваць далей. Прычыны відавочныя – наша актыўнасць у ліпені-жніўні», – напісаў на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак супрацоўнік «Бісквіту» Уладзімір Булаўскі.

«Бісквіт» размяшчаўся ў гістарычным цэнтры на вуліцы Суворава, недалёка ад «Торвальду».

Уладзімір Бяляўскі