Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 12 Красавік 2019

У Наваполацку абмеркавалі становішча жанчын на рынку працы

Ацаніць гэты матэрыял
(15 галасоў)
Падчас сэмінару ў Наваполацку Падчас сэмінару ў Наваполацку

У Наваполацку адбыўся сэмінар “Становішча жанчын на рынку працы Беларусі”. У канфэрэнц-залі гатэля “Дружба” сабралася больш за дзясятак жанчын, якія ўдзельнічаюць у праграме жаночага лідэрства школы “Мова жанчын”.

Сэмінар праводзіла Ірына Саламаціна – аўтар праекту “Гендэрны маршрут: фэстываль ідэй пра пол», удзельнікі якога займаюцца гуманітарнымі дасьледаваньнямі ў галіне гендэрнай тэорыі і фэміністычнай крытыкі.

На сустрэчы абмеркавалі становішча жанчын у Беларусі, і ня толькі ў працоўных стасунках. У беларускім грамадзтве жанчыны складаюць 54% насельніцтва, аднак палітыкі і грамадзкія дзеячы ня ўлічваюць гэты факт і мала ўвагі надаюць гендэрным праблемам у грамадзтве.

Праявы дыскрымінацыі

Ірына Саламаціна прыводзіла факты дыскрымінацыі жанчын у паўсядзённым жыцьці. Казала пра тое, што на сёньняшні дзень 82% жанчын працаўладкаваныя, але гэта зьяўляецца постсавецкай спадчынай.

Дыскрымінацыя жанчын у галіне працы праяўляецца сёньня ў больш нізкай аплаце, а таксама ў невялікай колькасьці жанчын у органах кіраваньня камэрцыйнымі арганізацыямі і ў органах улады.

  • У эканоміцы: жанчыны зарабляюць на 26% менш за мужчынаў.
  • У адукацыі: сярод дактароў навук маем 24% жанчын і 76% мужчын.
  • У палітыцы: жанчыны маюць толькі 16% месцаў у парлямэнце Беларусі.

Што раіць Камітэт ААН

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын рэкамэндуе беларускаму Ўраду ўсталяваць шэраг стандартаў

  • Зрабіць захады для скарачэньня сьпісу прафэсіяў, забароненых для жанчын.
  • Хатнюю працу жанчын (догляд за чальцамі сям'і), за якую яны не атрымліваюць грошай, улічваць пры афармленьні пэнсіяў.
  • Заканадаўча забясьпечыць абарону жанчын ад сэксуальнага дамаганьня на працоўным месцы, зьняўшы цяжар доказу з ахвяры.

Што такое “Мова жанчын”

Кіраўнік інфармацыйна-культурнага цэнтру “ІніцыАрт” Вольга Дамаскіна расказала аб праекце “Мова Жанчын”, у якім удзельнічаюць актывісткі Полацкага рэгіёну:

“Мы праводзім заняткі ў розных фарматах: майстар-клясы, форум-тэатры, сэмінары, сустрэчы зь цікавымі людзьмі. Спрабуем павялічыць актыўнасьць жанчын у грамадзкім жыцьці Беларусі. Аб'яднаньне актыўных жанчын рэгіёну – гэта асноўная мэта школы “Мова Жанчын”, якая сёлета пачала працу ў Наваполацку”.

“Мужчыны ня плачуць?..”

Вялася гаворка і пра стэрэатыпы ў дачыненьні да мужчын. Хлопчыкаў у Беларусі  з самага дзяцінства прывучаюць да таго, што “сапраўдны мужык” ня мае права плакаць.

У выніку беларускія мужчыны адчуваюць цягам жыцьця пэўныя праблемы ў выяўленьні эмоцыяў. А гэта прыводзіць да розных захворваньняў, сьцьвярджаюць мэдыкі.

Аляксандар Марозаў