Панядзелак, 10 Сакавік 2014

Свабодны прафсаюз змагаецца супраць дыскрымінацыі на “Шкловалакне” (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віктар Стукаў Віктар Стукаў

Размова аб парушэньні наймальнікам ААТ «Полацак-Шкловалакно» ўказу прэзыдэнта аб сацыяльным партнэрстве адбылася на сустрэчы старшыні Свабоднага прафсаюзу заводу Віктара Стукава зь першым намесьнікам старшыні аблвыканкаму Ўладзімерам Навацкім на прыёме ў аблвыканкаме. Парушэньні палягаюць у забесьпячэньні розных сацыяльных гарантыяў для працоўных адной і той жа прафэсіі на заводзе «Шкловалакно», што супярэчыць ўказу № 278.

Сустрэча з прадстаўніком вэртыкалі ўлады стала неабходнай, бо ніводзін дзяржаўны орган ня вырашыў канфлікту, што ўзьнік паміж працоўнымі і кіраўніцтвам прадпрыемства.

Перадгісторыя

Свабодны прафсаюз абскардзіў у Полацкі гарвыканкам дыскрымінацыйны пункт калектыўнай дамовы, які дае розныя сацыяльныя гарантыі работнікам адной і той жа прафэсіі – у залежнасьці ад таго, сябрам якога прафсаюзу работнік зьяўляецца. Гарвыканкам рэкамэндаваў зьвярнуцца ў суд. Але суд гораду Полацку ня стаў разглядаць гэтую спрэчку. Адмовіўся ад разгляду скаргі рабочых і Канстытуцыйны суд, парэкамэндаваўшы працоўным уступіць з наймальнікам ААТ «Полацак-Шкловалакно» ў калектыўную працоўную спрэчку.

Аднак наймальнік у асобе дырэктара Мікалая Качаноўскага незаконна (і баязьліва) адмовіўся ад працоўнай спрэчкі з рабочымі. Скаргі працоўных у дэпартамэнт дзяржаўнай інспэкцыі працы таксама не прывялі да ліквідацыі дыскрымінацыі.

Такім чынам, сваімі сіламі рабочым пакуль не ўдаецца спыніць парушэньне ўказу прэзыдэнта № 278 наймальнікам ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Атмасфэра на заводзе

Рабочыя «Шкловалакна» не задаволеныя нізкімі заробкамі на прадпрыемстве і непаважлівым стаўленьнем да іх начальства ды спрабуюць пратэставаць сваімі спосабамі. Многія шукаюць іншую працу і спрабуюць звольніцца. Але адміністрацыя ўсяляк перашкаджае звальненьню рабочых: выкарыстоўваючы кантрактную сыстэму найму, не звальняе да канца кантракту.

Таму многія рабочыя ідуць на звальненьне празь сьвядомае парушэньне працоўнай дысцыпліны. За 2013 год 81 працаўнік «Шкловалакна» быў звольнены адміністрацыяй за прагулы або зьяўленьне на працы ў нецьвярозым выглядзе. Усіх гэтых работнікаў прадстаўляе на заводзе дырэктарскі «Белхімпрафсаюз», на які рабочыя і не спадзяюцца, што ён абароніць іх правы. Аднак і ўступаць у Свабодны прафсаюз рабочыя пакуль асьцерагаюцца – з-за перасьледу з боку адміністрацыі.

У гутарцы зь Віктарам Стукавым намесьнік старшыні аблвыканкаму ніяк ня выказаў сваё стаўленьне да дыскрымінацыі работнікаў, таму прадстаўнік рабочых адразу ж запісаўся на прыём да губэрнатара Аляксандра Косінца.

dyjalog.info