Панядзелак, 16 Верасень 2013

У Віцебску праходзіць фэстываль для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску з 5 па 30 верасьня праходзіць абласны фэстываль-конкурс творчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі «Сонечны сьвет для ўсіх». Гэткае мерапрыемства адбылося ў абласным цэнтры і летась. У гэтым сьвяце бяруць удзел каля 100 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі з розных гарадоў рэгіёну.

У фае Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю разьмясьцілася выстава, на якой прадстаўленыя каля 170 прац самых розных жанраў творчасьці: графіка, жывапіс, драўляная і керамічная скульптура, мяккія цацкі, кераміка, вышыўка , вырабы зь бісэру, саломкі, тканіны, стужак і г.д. Гледачы могуць пераканацца, што сапраўдны талент ня можа быць прыкаваны да вазка, быць сьляпым або глухім. Тварыць можа кожны, незалежна ад стану здароўя і магчымасьцяў. Яскравыя, жыцьцесьцьвярджальныя працы - гэтаму пацьвярджэньне.

13 верасьня ў краязнаўчым музэю падвялі вынікі конкурсу і ўзнагародзілі пераможцаў. Дыплёмы і памятныя падарункі для іх прапанавалі віцебскія прадпрыемствы і крамы. Для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі выступілі артысты вакальных калектываў «Хорус», «Рознакаляровая плянэта», «Ветразь надзеі» і харэаграфічнага ансамблю «Піруэт». Пасьля ўзнагароджаньня ўдзельнікі конкурсу адправіліся ў музэй-сядзібу Ільлі Рэпіна «Здраўнёва», дзе для іх правялі экскурсію, майстар-клясы па жывапісе, графіцы, бісэрапляценьні, дэкупажы. Сьвята дапамаглі арганізаваць шматлікія гарадзкія арганізацыі і таварыствы, для якіх чужой бяды не бывае.

Крыніца: Віцебскі кур'ер