За тры тыдні да ўступленьня ў сілу новых правілаў гандлю індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) Віцебску выступілі са зваротам да прэзыдэнта і ўраду. 5 чэрвеня ІП, якія гандлююць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Віцебску, прыпынілі на дзень працу ў знак пратэсту супраць новаўвядзеньняў. Па выніках акцыі быў прыняты зварот да Аляксандра Лукашэнкі і Савету міністраў, які адпраўлены адрасатам 8 чэрвеня.

Плякат з патрабаваннем свабоды былому кандыдату ў прэзыдэнты Мікалаю Статкевічу, можна было пабачыць на аўтобусным прыпынку ў Глыбокім у раёне МКК. Паводле словаў відавочцаў, правісёў ён там нядоўга, толькі некалькі гадзін.

У Лучаі Пастаўскага раёну маліліся за Беларусь. Там прайшоў фэст з нагоды ўспаміну беларускага пакутніка Андрэя Баболі. “Ён скончыў жыцьцё ў страшэнных пакутах – кажа ксёндз Марат Казлоўскі, - але не адрокся ад сваёй ідэі еднасьці хрысьціян”. За свае перакананьні яго забілі ў Янаве Палескім, зараз горад Іванава Берасьцейскай вобласьці.

Пяцёра сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ падалі заяўкі на правядзеньне пікетаў у адміністрацыі ўсіх трох раёнаў Віцебску. Празь пікеты яны зьбіраюцца выказаць публічны пратэст супраць ўмяшаньня Расейскай Фэдэрацыі ва ўнутраныя справы Ўкраіны, супраць выкарыстаньня Расеяй ваеннай сілы для вырашэння міжнацыянальных і міждзяржаўных канфліктаў. Пікеты мусяць прайсьці 5 чэрвеня.

Сябры аргкамітэту па сьвяткаваньні 500-х угодкаў гістарычнай бітвы пад Воршай пабывалі на Крапівенскім полі, дзе 8 верасьня 1514 году войскі ВКЛ перамаглі ўтрая большае войска Маскоўскага княства.