Панядзелак, 25 Жнівень 2014

Віцебскія актывісты адзначылі Дзень незалежнасьці Ўкраіны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Некалькі сяброў руху «За свабоду» і партыі БНФ прайшлі па Віцебску з жоўта-блакітным украінскім сьцягам. Іхны маршрут распачаўся ад помніку князю Альгерду і завяршыўся ля крыжа Эўфрасіньні Полацкай на ўзьбярэжжы Дзьвіны каля Ўсьпенскага сабору.

«Па дарозе нас ніхто не чапаў, але праз пэўны час мы заўважылі, што нас суправаджае незнаёмы хлопец у цывільным і з відэакамэрай. Аднак ён да нас не набліжаўся, не замінаў запаліць сьвечкі, пакласьці кветкі да крыжа і памаліцца за мір ва Ўкраіне ды за тых, хто загінуў за незалежнасьць братняга ўкраінскага народу. Пакуль мы ішлі па вуліцы Суворава, да нас зьвярталіся мінакі. Але без аніякае агрэсіі — толькі пыталіся, чаму мы ідзем з украінскім сьцягам. Патлумачылі, што 24 жніўня адзначаюць Дзень незалежнасьці Ўкраіны, і што мы салідарныя з тымі, хто адстойвае там волю і незалежнасьць», — распавёў віцебскі каардынатар руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў.

Тое, што ўсё абышлося без затрыманьняў, ня можа быць гарантыяй таго, што ў міліцыянтаў ня зьявіцца прэтэнзіяў да актывістаў, лічыць сябар партыі БНФ Аляксандар Ільлінец: «Я фатаграфаваў ускладаньне кветак і сяброў са сьцягам. І нейкі незнаёмы чалавек пачаў абурацца, што я здымаю нешта ня тое. Ці гэта быў выпадковы мінак, ці нейкі правакатар — я ня ведаю. Але па дарозе дахаты — а я ехаў на ровары — мяне дагнала машына ДАІ, зь яе выйшаў міліцыянт, папрасіў прад’явіць дакумэнты і перапісаў усе мае асабістыя дадзеныя».

Крыніца: Радыё Свабода