Чацвер, 04 Май 2023

У Обалі збіраюцца паставіць арт-аб'ект у гонар дыверсантаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як будзе выглядаць правакацыйны мастацкі артэфакт, і хто аўтар, пакуль не паведамляецца. Але ўжо адна назва «Рэйкавая вайна» гучыць па цяперашніх часах двухсэнсоўна. Магчыма, арт-аб’ект будзе перайменаваны, і да 9-га траўня ў гарадскім пасёлку Обаль, што ў Шумілінскім раёне, ён з’явіцца ўжо пад іншай назвай. Паводле афіцыйнай інфармацыі з дзяржСМІ, такім чынам вырашана ўшанаваць памяць пра дзейнасць падпольнай камсамольскай брыгады «Юныя мсціўцы», якая дзейнічала тут падчас Вялікай Айчыннай вайны (1942-1943гг). За гэты час была здзейснена 21 дыверсія, сярод іх - падрыў вадакачкі і трох мастоў, падпал ільнозавода, знішчэнне некалькіх эшалонаў і аўтамашын. Дзве ўдзельніцы Обальскага камсамольскага падполля, Зінаіда Партонова і Ефрасіння Зянькова, былі ўзнагароджаны званнем Герой Савецкага Саюзу.

Устаноўка арт-аб“екта «Рэйкавая вайна» адбываецца за кошт спонсарскіх сродкаў ад мясцовых прадпрыемстваў – гэта ААТ «Обальскі керамічны завод», УП «Віцебскоблгаз», «Віцебскторф», Шумілінскі лясгас. Мяркуецца, што арт-аб’ект стане дапаўненнем да экспазіцый тутэйшага музея Обальскага камсамольскага падполля.

Але калі зірнуць больш пільна на праблему ўшанавання памяці камсамольскіх-падпольшчыкаў у Обалі, то арт-аб’ект «Рэйкавая вайна» выглядае банальнай спробай не адстаць ад іншых у цяперашнім мэйн-стрыме дзяржаўнай ідэалогіі. Па-першае, музей Обальскага камсамольскага падполля, які цяпер з“яўляецца філіялам Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея, на момант адкрыцця ў 1965 годзе меў значна вышэйшы статус. Гэта быў Рэспубліканскі музей камсамольскай славы, філіял сталічнага Музея Вялікай Айчыннай вайны. У 1985г. яго перайменавалі ў музей Обальскага камсамольскага падполля, і ў 2002г. зрабілі філіялам раённага музея.

Па-другое, у Обалі ёсць сапраўдны помнік камсамольцам-падпольшчыкам, узведзены яшчэ ў 1968г. (аўтар Я.Печкін), і дбайны дагляд за ім быў бы найлепшым ушанаваннем памяці, чымсьці арт-аб“ект каля музея. Нарэшце, трэцяе: сам музей месціцца на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплекса Грабніцкіх, у былым доме загадчыка гаспадаркi. Тут захаваліся рэшткі сядзібнага палаца, які з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя. У 1920г. у сядзібным будынку зрабілі школу, вучні якой у час Вялікай Айчыннай вайны і далучыліся да падпольнай барацьбы. Ці не ёсць гэта важкім аргументам на карысці таго, каб рэстаўраваць помнік архітэктуры, які перажыў мінулую вайну, але моцна пацярпеў ад пажару ў сярэдзіне 1990-х? На тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу захаваліся рэшткі парка і той самы будынак, дзе цяпер месціцца музей Обальскага камсамольскага падполля.

Без сумнёваў, найбольш цікавым для турыстаў і для мясцовай моладзі ў выхаваўчым плане быў бы менавіта такі падыход – аднаўленне помніка архітэктуры, які мае гістарычную каштоўнасць і ў плане захавання памяці пра падзеі ХХ стагоддзя. Аднак устанавіць нейкі арт-аб’ект значна прасцей, каб заробіць «ідэалагічную галачку».

Міхась Хмара