Аўторак, 02 Май 2023

«Надзейныя» вучні віцебскай СШ №45 сталі «гвардзейцамі»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску з’явіўся яшчэ адзін вайскова-патрыятычны клуб. Яго назвалі «Гвардыя», бо вучняў сярэдняй школы №45 імя «бацькі» дэсантных войскаў Васіля Маргелава збіраюцца навучаць патрыятызму пад кіраўніцтвам вайскоўцаў са 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Не дужа разбіраючыся ў асаблівасцях сучаснай выхаваўчай працы, гарадская газета «Витьбичи» нават напісала, што клуб адкрыўся непасрэдна пры вайсковым падраздзяленні. Насамрэч – пры школе, дзе ўжо не першы год праводзяцца рознага кшталту ваенізаваныя заняткі. І гэта захапленне адміністрацыі навучальнай установы настолькі глабальнае, што на сайце школы немагчыма знайсці згадак пра «мірныя» дзіцячыя заняткі, кшталту гуртка малявання, самадзейнага тэатра, конкурсаў юных кулінараў або на найлепшую мяккую цацку. У справаздачах -- выключна ідэалагічныя марапрыемствы.

Вайскова-патрыятычны клуб «Гвардыя» з’явіўся ў СШ №45 невыпадкова. Па словах дырэктаркі школы Ірыны Лашаковай, туды трапілі «надзейныя» дзеці, пераважна тыя, хто дагэтуль займаўся ў складзе гуртка «Юнармеец». Паводле дырэктаркі, гурткоўцаў яшчэ называюць «маргелаўцамі» - з тае нагоды, што ў 2020-м годзе школе надалі імя Васіля Маргелава. І ўжо некалькі гадоў 103-я паветрана-дэсантная брыгада ладзіць са школьнікамі заняткі. Летась яны ўзялі ўдзел у мінскім парадзе да Дня Перамогі, дзяцей вучаць абыходзіцца са зброяй, ладзяць для іх заняткі па страявой падрыхтоўцы. Застаецца хіба дадаць, што менавіта Ірына Лашакова праявіла «грамадзянскую пільнасць» і справакавала масавыя затрыманні назіральнікаў і неабыякавых жыхароў мікрараёну ў дзень мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Увечары 9 жніўня 2020г. яна выклікала міліцыю, заўважыўшы ў двары школы «небяспечны» натоўп тых, хто хацеў найхутчэй даведацца вынікі падлікаў... АМАП зладзіў жорсткі «хапун». А праз некалькі дзён, 20 жніўня, былыя выпускнікі наладзілі беспрэцэдэнтную акцыю пратэсту: прынеслі і вывесілі на школьным плоце дыпломы і граматы, атрыманыя з рук тых, хто навучаў іх дабру і справядлівасці, а сам здрадзіў гэтым ідэалам. Пазіцыя выпускнікоў выразна прадэманстравала нязгоду з тым, як разумее «любоў і адданасць Радзіме» адміністрацыя навучальнай установы....

У дзень заснавання клубу «Гвардыя» выхаванцы (іх каля паўсотні чалавек, прычым палова складу – дзяўчаты) далі клятву на вернасць Айчыне. Для вучняў СШ№45 і іх бацькоў зладзілі выставу вайсковай формы і тэхнікі, накармілі «салдацкай кашай» з палявой кухні. Менавіта праз стварэнне дзіцячых вайскова-патрыятычных структураў у сучаснай Беларусі імкнуцца выхоўваць «патрыятызм», і гэтая маральная якасць чамусьці наўпрост звязваецца з уменнем сабраць і разабраць аўтамат ды навыку хадзіць строем.

Станіслаў Іваноўскі