Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 26 Люты 2023

Праўладныя грамадскія структуры Віцебшчыны прызналі, што іх метады маральна састарэлі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Толькі такім чынам можна зразумець высновы, зробленыя падчас апошняга пасяджэння так званай Каардынацыйнай рады грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Віцебскай вобласці. У раду ўваходзяць выключна прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб’яднанняў, накшталт «Белай Русі», і трох партый – ЛДП, Камуністычнай партыі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Паводле справаздачы ў абласной газеце «Витебские вести», удзельнікі рады добра валодаюць мастацтвам доўга і шмат гаварыць пра свае здзяйсненні, не прыводзячы канкрэтных прыкладаў. Аднак выкладанне планаў на будучыню выразна сведчыць пра тое, што цяперашняя праца рады малаэфектыўная.

Так, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюзу жанчын Марына Навіцкая ( яна ж кіраўніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі аблвыканкаму) заўважыла, што на наступны год запланавана багата мерапрыемстваў. «Аднак важна шукаць нестандартныя падыходы, пазбягаць фармалізму і аб’ядноўваць людзей розных пакаленняў», – зазначыла чыноўніца, па сутнасці, пералічыўшы наяўныя недахопы.

Асобна кіраўніца «абласной ідэалогіі» спынілася на арганізацыі «дыялогавых пляцовак». Гэты фармат на Віцебшчыне лічыцца наватарскім – прынамсі, так кажуць у афіцыйных інтэрв’ю іх удзельнікі. Як гэта выглядае на практыцы, можна было пераканацца падчас імпрэзы да 85-годдзя Віцебскай вобласці – аўтамарафону «85 лет пад небом Витебщины». Група дзяржаўных службоўцаў разам з прадстаўнікамі БРСМ аб’ехала ўсе райцэнтры, дзе на сустрэчы з імі збіралі «грамадскасць». Выступоўцы выступалі, слухачы слухалі…. «У нашай краіне развіваецца практыка дыялогавых пляцовак, аднак яны насамрэч мусяць быць дыялогавымі. Часам трэба і вострую тэму абмеркаваць, негатыў раскласці па палічках, прааналізаваць сітуацыю», – заўважыла спадарыня Навіцкая.

Што яшчэ плануюць рабіць удзельнікі каардынацыйнай рады ў 2023 годзе? Паводле старшыні рады Валяр’яна Мацкевіча, асаблівых навацый чакаць не даводзіцца. Анансаваны працяг «працы шляхам правядзення акцый, канферэнцыі, круглых сталоў і іншых формаў узаемадзеяння з насельніцтвам». Пераважная большасць жыхароў вобласці, грэбліва названых «насельніцтвам», апрача як з дзяржаўных СМІ, увогуле наўрад ці даведалася б пра існаванне Каардынацыйнай рады грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Бо імпрэзы, арганізаваныя радай, праводзяцца для абмежаванага кола ўдзельнікаў і «для галачкі».

Жанна Жалейка