Чацвер, 23 Люты 2023

Навацыя ад БРСМ – прымаць у свае шэрагі новых чальцоў у міліцэйскай управе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Старэйшае пакаленне віцяблян памятае, як за савецкім часе ў піянеры ці ў камсамол прымалі каля помніка Леніну. Старая камуністычная завядзёнка ладзіць казённыя ўрачыстасці расквітнела ў Віцебску новымі фарбамі: цяпер у БРСМ прымаюць у абласной управе міліцыі. І не проста ў афіцыйным будынку, а ў «сэрцы сэрцаў» міліцэйскай управы, як выказаўся начальнік аддзела ідэалогіі МУС аблвыканкаму  Дзмітрый Пугачоў, – у профільным міліцэйскім музеі. Сюды прывезлі старшакласнікаў з пасёлка Должа, і сямёра з іх атрымалі білеты чальцоў праўладнай моладзевай структуры.

Спадар Пугачоў заявіў, што маладым людзям гэты дзень мусіць запоўніцца надоўга. А першы сакратар віцебскай структуры БРСМ Вольга Шыёнак дадала, што з уступленнем у арганізацыю хлопцы і дзяўчаты набылі магчымасці «праявіць сябе, свае лепшыя якасці, на карысць Віцебскага раёну і роднай краіны». Нібыта без значка і білета з чатырма літарамі на вокладцы рабіць добрыя справы і садзейнічаць росквіту Беларусі немагчыма…

Падлеткам, якім было загадана «для прыгажосці» апрануцца па схеме «белы верх, чорны ніз», дазволілі сфатаграфавацца з музейнымі экспанатамі і галоўным міліцэйскім «ідэолагам». Візіт школьнікаў у абласную ўправу МУС праходзіў у межах «Тыдня патрыятызму», і папярэдняй імпрэзай гэтага тыдня было наведанне вайсковай часткі 5524, дзе дзецям паказвалі зброю і баявую амуніцыю.

Лявон Каляда