Панядзелак, 20 Люты 2023

Каб не было і ўспаміну пра гарадское самакіраванне ў Віцебску?

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Днямі стала вядома, што каля віцебскай ратушы збіраюцца ўсталяваць дэкаратыўную скульптуру «Пажарнага», якая заадно будзе выконваць функцыю платнага фантана. І гэта будзе выява не сучаснага выратавальніка з МНС, а рэтраспектыўны вобраз, які павінны «вярнуць» гледачоў у сярэдзіну ХІХ стагоддзя. У той час вежа на гарадской ратушы пачала выконваць функцыю пажарнай каланчы – назіральнага паста, з вышыні якога можна было ўбачыць, ці не загарэлася дзесьці пераважна драўляная гарадская забудова. Між тым ратуша ў Віцебску сімвалізуе зусім не наяўнасць пажарнай каманды, а вольны дух гораду, якому было нададзена магдэбургскае права.

Ратуша, магістрат, герб, пячатка…

Калі сярэднявечны горад атрымліваў Магдэбургскае права, гэта азначала, што ён набываў значную самастойнасць ва ўнутраным кіраванні. Такое права права было нададзена Віцебску 17 сакавіка 1597г., і статус гораду стаў роўным Вільне, Полацку, Наваградку. У Віцебску быў створаны орган мясцовага самакіравання – магістрат, была збудавана ратуша – месца пасяджэнняў гарадскога кіраўніцтва, гораду былі нададзены ўласны герб і пячатка.

Ратушу паказальна разбурылі, калі ў 1624 г. за ўдзел гараджан у паўстанні, падчас якога быў забіты ўніяцкі біскуп Ясафат Кунцэвіч, Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права. Але 15 лістапада 1644 г. гораду зноўку вярнулі права на самакіраванне. Ратушу адбудавалі. І гэта было далёка не апошняе аднаўленне: паколькі тагачасныя збудаванні рабілі з дрэва, хоць і на каменных падмурках, у 1680, 1708, 1733 і 1752 гг. будынкі ратушы знішчаліся пажарамі і адбудоўваліся наноў.

У 1775 г. была ўзведзена цагляная ратуша, якая ў перабудаваным выглядзе захавалася да нашых дзён. Пазней тут праходзілі пасяджэнні гарадской думы, якая пераняла некаторыя функцыі магістрату, а ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў будынку мясцілася гарадская ўправа, гарадскі банк, паліцыя і пажарная каманда. Вежа ратушы стала выконваць функцыі назіральнай пажарнай каланчы. Верагодна, гэтая акалічнасць і натхніла віцебскае кіраўніцтва МНС на думку, што менавіта «пажарная спецыфіка» – галоўнае прызначэнне сімвала гарадской самастойнасці.

Фантан з брандспойта за грошы

Ідэя абласнога кіраўніцтва структуры МНС набыла візуальнае ўвасабленне, дзякуючы віцебскаму скульптару Сяргею Сотнікаву. Ён распавёў парталу Vitebsk.biz, што да яго звярнуліся з замовай на скульптуру брандмейстэра, які трымае пажарны шланг. Паводле замоўнікаў, скульптура мае стацца асновай для платнага фантана: мяркуецца, што да фігуры пажарнага будзе дастасаваны нейкі механізм для прымання грошай, які будзе запускаць вадзяны струмень з брандспойта. Усталяваць фантан-атракцыён прапануюць у самым цэнтры Віцебску – непасрэдна каля будынку ратушы, у якім месціцца краязнаўчы музей. Такім чынам, на думку віцебскага ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, установа культуры зможа зарабляць дадатковыя сродкі.

Да слова, аўтар скульптуры далёка не ў захапленні ад ідэі з платным фантанам. «Я гатовы стварыць помнік. Але, як мастак, я адмоўна стаўлюся да таго, што ў твора мастацтва з’яўляецца другая функцыя. У дадзеным выпадку – забаўляльная… Ратуша – помнік архітэктуры. І каб усталяваць там фантан, трэба прадумаць усё да дробязей. Калі там будзе ліцца вада, то куды яна будзе сцякаць? Як будзе паводзіць сябе будынак ва ўмовах вільготнасці? Апрача таго, каб паставіць аб’ект у ахоўнай зоне, патрэбна ўзгадненне з Міністэрствам культуры ды іншымі інстанцыямі. Пакуль, наколькі мне вядома, ніякую нараду па пытанні ўсталявання новага фантана не збіралі», – адкаментаваў ідэю віцебскага кіраўніцтва МНС Сяргей Сотнікаў.

Меркаваннямі гараджан, як заўсёды, не пацікавіліся

Паказальна, што ідэі, чым бы яшчэ «упрыгожыць» гораду, з  шэраговымі  гараджанамі ніхто з уладаў не абмяркоўвае. І віцябляне вымушаны назіраць нагрувашчванне на гарадскіх вуліцах самага безгустоўнага «крэатыву». Так, гадоў 15-20 таму Віцебск «завалілі» бетоннымі яблыкамі і грушамі, і цяпер гэтую «садавіну» незразумелага прызначэння можна сустрэць у розных кутках гораду. Чатыры гады таму напярэдадні Славянскага базару з газонаў на плошчы Перамогі зніклі жывыя туі, а замест іх паставілі дрэвы ў вялікіх пластыкавых вазонах. Лета выдалася спякотнае, і туі загінулі. Асобная гісторыя – гэта так званыя тапіарыі – фігуры са «штучнага газону», якія, зноў-такі за бюджэтныя грошы, з’явіліся на цэнтральных вуліцах…

Пасля таго, як СМІ напісалі пра перспектывы з’яўлення фантана з фігурай пажарнага каля Ратушы, віцябляне пачалі абмяркоўваць гэта ў сацыяльных сетках. Найперш людзей абурыла месца, абранае для атракцыёну: каля ратушы ўсталяваны памятны знак закатаваным падчас Вялікай Айчыннай вайны жыхарам Віцебску. Таксама непадалёк ад уваходу ў краязнаўчы музей плануюць усталяваць скульптурны макет сярэднявечнага гораду. Непасрэдна за ратушай, дарэчы, ужо ёсць фантан -- у скверыку Маякоўскага, тут жа стаіць і скульптура велікана – ураджэнца Віцебшчыны Фёдара Махнова… І ўсё гэта – у радыусе 50-100 метраў вакол будынка ратушы.

Калі ўжо абласному кіраўніцтву МНС так закарцела ўсталяваць выяву пажарнага з фантанам, то чаму б не зрабіць гэта на падворку ўласна пажарнай часткі? Там якраз ужо ёсць адзін «экскурсійны» аб’ект: старая пажарная машына на адмысловым пастаменце. У адміністрацыйным будынку створаны музей пажарнай службы, куды водзяць на экскурсіі школьнікаў. Магчыма, дзецям і было б цікава паглядзець, як за манетку з брандспойта шугае вада. А гарадская ратуша няхай застаецца сімвалам годнасці Віцебску.

Эмілія Траяновіч