Аўторак, 03 Студзень 2023

Апытанне ў Віцебску: людзі мала вераць у змены да лепшага, больш як 10% хочуць з’ехаць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў правёў онлайн-апытанне сярод жыхароў Віцебску. Больш за палову апытаных складалі асобы ад 18 да 30 год, з іх амаль усе студэнты. Адна трэцяя частка ўдзельнікаў апытання – людзі ад 31 да 45 гадоў. Большасць апытаных (65, 7%) склала жаночая аўдыторыя. Вынікі апублікавала гарадская дзяржаўная газета «Витьбичы» з высновамі пра тое, што гараджане «глядзяць у будучыню з надзеяй». Аднак лічбы вымушаюць сумнявацца ў такой трактоўцы дадзеных.

Як высветлілася, прыярытэтнымі каштоўнасцямі для віцяблян з’яўляюцца сям’я, здароўе, магчымасці для самарэалізацыі, фінансавая стабільнасць і асабістая свабода. Аднак ці ёсць у гараджанаў магчымасці жыць у адпаведнасці са сваімі ідэаламі?

Усяго 3% апытаных ацэньваюць свой узровень прыбыткаў як высокі, больш за 45% лічаць яго нізкім. Прычым нізкімі лічыць уласныя прыбыткі кожны другі мужчына. Тэндэнцыю да зніжэння прыбыткаў за апошні год адзначылі 27, 6% апытаных.

На пытанне «Ці задаволены вы сваім жыццём» катэгарычным «не» адказалі 9,5 % апытаных. І чым вышэйшы быў узрост удзельнікаў апытання, тым менш пазітыўна яны ацэньвалі сваё жыццё: задаволенасць ім пацвердзілі толькі палова апытаных, старэйшых за 59 гадоў.

Што да перспектываў, то пагаршэння свайго жыцця ў новым годзе чакае кожны шосты мужчына, асабліва ва ўзроставых катэгорыях 18-30 і 46-58 гадоў. Кожная трэцяя жанчына ўвогуле не змагла адказаць пра свае чаканні, што да бліжэйшай перспектывы.

10,5% рэспандэнтаў хацелі б пераехаць у іншы рэгіён ці краіну.

Таццяна Віктарава