Субота, 24 Снежань 2022

У Віцебску адзначылі гадавіну ўвядзення савецкіх войскаў у Афганістан

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Увод савецкіх войскаў у рэспубліку Афганістан пачаўся 25-га снежня 1979г. Да ўгодкаў гэтай падзеі былых «афганцаў», іхных жонак і ўдоў, а таксама школьнікаў і мясцовыя ўлады запрасілі ў Віцебскую абласную бібліятэку на «літаратурна-гістарычную кампазіцыю» пад назовам «Як усё пачыналася». Імпрэза праводзілася ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі тэматычную кніжную выставу, наведнікам дэманстравалі фотаздымкі, зробленыя падчас знаходжання «абмежаванага кантынгенту» на вайне ў чужой краіне, гучалі «афганскія» песні. Прыкладна ў такім самым антуражы раней праводзіліся імпрэзы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаюць 15-га лютага. Гэта сімвалічная дата, бо 15 лютага 1989 г. быў скончаны вывад савецкіх войскаў. А вось дзень увядзення вайсковых частак для ўдзелу ў вайне на чужой тэрыторыі ў Віцебску адзначалі ўпершыню.

Для Віцебска памяць пра афганскую вайну вельмі балючая. У ліку тых, каго першымі накіравалі, як тады фармулявалася, на «выкананне інтэрнацыянальнага абавязку», былі вайскоўцы віцебскай 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і лётчыкі 339-га палка ваенна-транспартнай авіяцыі, якая знаходзілася на тэрыторыі Віцебшчыны. За час баявых дзеянняў у Афганістане загінулі 160 ураджэнцаў Віцебшчыны, і ў пазнейшы час больш як 1300 жыхароў вобласці памерлі ад наступстваў – ад ран і хваробаў, каля 150-ці чалавек на сённяшні дзень зʼяўляюцца інвалідамі з прычыны вайны ў Афганістане.

У постсавецкі час гэтую вайну назвалі «Апакаліпсісам ХХ стагоддзя», і гістарычная трактоўка, што да ўдзелу савецкіх войск як вымушанай неабходнасці, дагэтуль застаецца неадназначнай. А на фоне расейскага ўварвання і ваенных падзеяў ва Украіне зварот да «афганскай» тэмы ўвогуле выглядае правакацыйна.

Паводле старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, сёння ў справе патрыятычнага выхавання на змену героям Вялікай Айчыннай вайны павінны прыйсці «ветэраны Афгана», а сучасныя школьнікі мусяць «імкнуцца быць падобнымі да іх». Гэтая словы прагучалі ў мінулы дзень памяці загінулых у Афганістане. Цяпер, падобна, віцебскія ўлады імкнуцца запачаткаваць новую традыцыю – адзначаць не толькі канец, але і пачатак удзелу беларусаў у чужой вайне.

Вячаслаў Белавусаў