Серада, 02 Лістапад 2022

На тэрыторыі былога віцебскага гета з’явілася мемарыяльная шыльда. А дзе помнік?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На шыльдзе змешчаны QR-код, які вядзе на рэсурс, дзе можна пазнаёміцца з трагічнай гісторыяй гэтага месца. Ініцыятыва размяшчаць мемарыяльныя шыльды з QR-кодамі належыць удзельнікам праекта «Сохраним историю» – праўладнай грамадскай структуры «Патриоты Беларуси», зяржаўным  прафсаюзам і Нацыянальнай кадастравай агенцыі. Але варта нагадаць, што даўней дзяржаўныя ўлады планавалі стварыць на гэтым месцы сапраўдны мемарыял і нават зрабіць музей віцебскага гета ў будынку былога раённага дома культуры. Прасцей, вядома, абмежавацца шыльдай.

Пра былыя намеры ўладаў сведчыць надпіс на камяні, пакладзеным больш як 25 гадоў таму каля былога РДК: «Тут будзе ўстаноўлены мемарыяльны знак у памяць вязняў Віцебскага гета – ахвяр фашысцкага генацыду ў 1941-1944». Існуе нават гарадская легенда, нібыта да будынка дома культуры, узведзенага ў 1930-я гады аднойчы падвялі замежную дэлегацыю і распавялі, што якраз ён і быў сведкам злачынстваў над габрэямі. Замежнікі былі ў захапленні: ім падалося, што абшарпаны гмах з пустымі аканіцамі, які дзесяцігоддзямі чакае рэстаўрацыі, і ёсць ужо гатовы музей генацыду.

Ахвярамі віцебскага гета, якое праіснавала з ліпеня па снежань 1941 г. у раёне вуліцы Ільінскага на левым беразе Дзвіны, сталі каля 15 тысяч чалавек. Пытанне пра ўшанаванне іх памяці паўстае рэгулярна і не беспадстаўна: створаны не толькі некалькі праектаў стварэння мемарыяльнай зоны, але і ўжо гатовы помнік. Яго аўтар – віцебскі скульптар Іван Казак, а ягоная праца так і ляжыць на нейкім складзе ў разабраным выглядзе, бо пра фінансаванне ягонай устаноўкі ўжо даўно нават не ўздымаецца пытанне.

Тое, што на тэрыторыі віцебскага гета з’явілася шыльда з QR-кодам, сведчыць толькі пра адно: на помнік ці музей пакуль няма спадзеваў. Сваёй задачай удзельнікі праекта «Сохраним историю» лічаць менавіта стварэнне лічбавай базы ў інтэрнэце, дзе будзе захоўвацца інфармацыя пра наяўныя помнікі на месцы пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Таму часовы знак – камень з абяцаннем усталяваць тут сапраўдны помнік віцебскім габрэям, што сталіся ахвярамі генацыду, – ужо залічаны ў афіцыйныя, пастаянныя сімвалы памяці.

Жанна Жалейка