Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 29 Май 2022

За распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў грамадзяне хочуць пакараць чыноўнікаў Пастаўскага райвыканкама

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

25 траўня на платформе па зборы подпісаў petitions.by была створана петыцыя з патрабаваннем прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці Пастаўскія ўлады якія арганізавалі распаўсюд інфармацыі, прызнанай экстрэмісцкай. Сабраныя подпісы будуць накіраваны ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму. Падрабязней дазнацца пра петыцыю можна па спасылке: https://petitionsby.win/petitions/5334.

На думку аўтараў ініцыятывы, размяшчаючы інфармацыю на сваім афіцыйным сайце, райвыканкам дапусціў парушэнне закона, як мінімум, у двух выпадках.

У першай публікацыі гаворыцца пра трактарнае ралі, якое праходзіла ў вёскі Парыж, а ў другой пра харчаванне малодшакласнікаў. Абедзве публікацыі суправаджаюцца спасылкамі на партал навінаў tyt.by, які быў прызнаны ўладамі экстрэмісцкім і за распаўсюджванне матэрыялаў з якога ўлады строга пераследуюць грамадзян. Да петыцыі прымацаваны скрыншоты матэрыялаў на выпадак, калі публікацыі будуць «ціха» выдалены, каб потым у адказе напісаць, што «нічога не выяўлена», як гэта робіцца ў падобных выпадках, калі гаворка ідзе аб распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў рознымі дзяржаўнымі структурамі.

Аўтары спасылаюцца на Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і розныя заканадаўчыя акты, у тым ліку на Закон «Аб сродках масавай інфармацыі» і сцвярджаюць, што «маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што праз сайт Пастаўскага райвыканкаму службовымі асобамі прэс-цэнтра і прыёмнай Пастаўскага райвыканкаму дапушчана парушэнне абавязацельстваў, устаноўленых Законам аб СМІ, і ўчынена адміністрацыйнае правапарушэнне – распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

І просяць правесці адпаведную праверку фактаў распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў райвыканкамам, устараніць дадзеныя парушэнні і прыцягнуць службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці, а супраць самога выканкаму распачаць адміністрацыйны працэс.

Як правіла ўлады адмаўляюцца прыцягваць да якой-небудзь адказнасці чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў. Канешне, калі гэта не было праявай іх грамадзянскай пазіцыі, як у многіх беларусаў, асуджаных за распаўсюджванне рознай інфармацыі ў інтэрнэце. Як будзе на гэты раз, паглядзім. Але нешта падказвае, што пастаўскія чыноўнікі пазбегнуць адказнасці.

Антось Воўк