Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 02 Ліпень 2015

Віцебскія актывісты партыі БНФ наведалі мэмарыял пад Паляямі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ужо колькі год віцебскія актывісты апякуюцца месцам мемарыяльных крыжоў паміж вёскамі Паляі і Вароны ў Віцебскім раёне, якое прысьвечанае ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў 1937-38 гадоў, калі ў мясцовых лясох знайшлі свой апошні прытулак рэпрэсаваныя жыхары Віцебску і ваколіцаў.

Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў пахаваньні адбываліся ў 1937-38 гадох, калі зь віцебскай турмы арыштаваных і асуджаных хуткім сталінскім судом грамадзян савецкай Беларусі массава растрэльвалі і прыкапвалі ў лясох вакол Віцебску. Цяпер ужо няма ў жывых тых сьведак, якія напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя распавядалі краязнаўцам і гісторыкам аб страшнай гісторыі вакольных лясоў.

У гэтым годзе сябры партыі БНФ, як і ў ранейшыя гады, прыбіралі месца мэмарыялу. Высеклі траву, зьвялі агрэсіўнага захопніка – баршчэўнік Сасноўскага – з тэрыторыі вакол крыжоў і каля лясной дарогі, абкапалі кветкі, што растуць вакол крыжоў і пасадзілі новыя. Гэта адбылося ў памятны дзень 22 чэрвеня, калі, па старой завядзёнцы, успамінаюць пачатак Вялікай Айчыннай вайны савецкага народу супраць нямецка-фашыстскіх захопнікаў.

Крыніца: Віцебскі р-н - інфармацыйны партал