Друкаваць гэтую старонку
Субота, 06 Лістапад 2021

За графіці 21-гадовую віцяблянку пакаралі вялізным штрафам

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Напрыканцы чэрвеня 2021 году ў аддзел унутраных справаў Кастрычніцкага раёну Віцебску паступіла заява ад дырэктара аднаго з дзяржпрадпрыемстваў аб тым, што невядомы залатой фарбай нанёс надпісы ў грамадскім месцы. Міліцыянты вывучылі запісы з камер відэаназірання і ўстанавілі, што гэта зрабіла 21-гадовая жыхарка Віцебску. У дачыненні яе завялі крымінальную справу. Ці мелі надпісы пратэставы характар, не паведамляецца.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў дзяўчыну вінаватай і асудзіў паводле арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці») – яе аштрафавалі на 2610 рублёў. У залік пакарання пайшоў таксама час, які дзяўчына правяла пад вартай.

Артыкул 341 КК таксама прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ або арышту на тэрмін да трох месяцаў. Адказнасць за такое злачынства надыходзіць з 14 гадоў.

Гэта не першы прысуд па гэтым артыкуле за апошні час у Віцебску. У кастрычніку 2021 году штрафам у памеры 2900 рублёў пакаралі былую студэнтку адной з ВНУ абласнога цэнтру.

Міхась Пісараў