Друкаваць гэтую старонку
Субота, 17 Красавік 2021

Усе на суботнік, але ў рамках закона

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

17 красавіка па ініцыятыве ўладаў у Віцебскай вобласці пройдзе суботнік, на якім жыхары вобласці будуць працаваць на сваіх працоўных месцах або ажыццяўляць добраўпарадкаванне тэрыторый населеных пунктаў і сацыяльных ды іншых аб'ектаў. Плануецца, што ў суботніку возьмуць удзел больш за 300 тысяч чалавек.

Распарадчыкамі грошай, заробленых у дзень правядзення суботніка будуць ўлады, якія плануюць палову заробленага накіраваць на патрэбы аховы здароўя, а другую палову выдаткаваць на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурных абʼектаў.

Для многіх работнікаў ўдзел суботніках стаў справай руціннай, і ніхто не задумваецца, што дадзеная акцыя па зборы грошай з насельніцтва можа быць законным толькі ў тым выпадку, калі праца на суботніку прадугледжваецца калектыўным дагаворам, падпісаным супрацоўнікамі.

Суботнік павінен аплачвацца і праходзіць у працоўны час. Калі ж суботнік праводзіцца ў выходны дзень, то праца аплачваецца ў падвойным памеры.

Ва ўсіх выпадках для правядзення суботніку патрабуецца пісьмовая згода работнікаў, і без такой згоды суботнік немагчымы – працаўнік не абавязаны працаваць у выходныя або святы. І любыя санкцыі за адмову ад удзелу ў суботніку працадаўца ўжываць у дачыненні да адмоўнікаў не мае права.

Калі гэтыя нормы працадаўцам не выконваюцца, то можна казаць пра тое, што суботнік ёсць прыгожай формай прымусовай працы.

Забарона на выкарыстанне прымусовай працы ўтрымліваецца ў падпункце «а» пункту 3 арт. 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У ім пазначана: «Ніхто не павінен змушацца да прымусовай або абавязковай працы». У пункце 1 арт.6 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах замацаванае права кожнага чалавека «на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае або на якую ён свабодна згаджаецца». Абодва пакты ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь 12 лістапада 1973 года.

Названыя прадпісанні міжнародных нормаў аб забароне прымусовай працы Рэспубліка Беларусь замацавала ў Канстытуцыі і Працоўным кодэксе.

Так, у ч.4 арт. 41 Канстытуцыі абвяшчаецца, што «прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суду або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы». Аналагічная забарона ўтрымліваецца ў арт.13 ПК.

Таму прызываю ўсіх работнікаў прыняць удзел у суботніку, але калі ён праводзіцца ў рамках норм дзейнага заканадаўства.

Леанід Свецік, праваабаронца