Пятніца, 27 Кастрычнік 2017

Аршанцы здолелі вырашыць праблему сваёй вуліцы праз флэш-моб

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Воршы дагрукацца да чыноўнікаў з інфармацыяй пра кепскую дарогу ўдалося толькі праз флэш-моб. Звычайныя звароты не далі плёну, і тады мясцовыя грамадзкія актывісты сталі з плякатамі каля самай глыбокай і вялікай лужыны на праблемнай вуліцы Гомельскай. У выніку празь некалькі дзён дарогу прывялі да ладу.

Кажа адна з удзельніц флэш-мобу Алена Кучынская:

– Вырашылі зрабіць флэш-моб. Намалявалі плякаты, прадумалі, каб было цікава, напрыклад, “Вуліца Гомельская непрахадзімая”, або “Хто хоча прыняць гразевыя ванны на любым відзе транспарту, ці пешшу, то запрашаем на вуліцу Гомельскую”. І стаялі каля самай вялікай калюжыны, трымалі плякаты. Гэта падзейнічала, да нас прыслухаліся. Хутка-хутка там залаталі тыя выбоіны, і цяпер там добра ісьці.

Актывісты зазначаюць, што збор подпісаў жыхароў вуліцы Гомельскай, а таксама сустрэчы з чыноўнікамі выканкаму ў прыёмныя дні ня мелі сэнсу. Калі ж актывісты правялі флэш-моб і апублікавалі фотаздымкі зь яго ў інтэрнэце, дарогу нарэшце адрамантавалі.

Радыё Рацыя