Панядзелак, 07 Снежань 2015

Грамадзкія актывісты ўшанавалі памяць ахвяраў вайны (фота)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

5 сьнежня на ўскрайку могілак ля вёскі Бараўляны Віцебскага раёну сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і партыі «Беларускі народны фронт» усталявалі самаробны крыж ва ўшанаваньне памяці расстраляных фашыстамі ў часы вайны мірных грамадзянаў і партызанаў.

Як добра ведаюць нашы чытачы, апошнім часам у Віцебскім раёне на двух знойдзеных месцах масавых расстрэлаў савецкіх грамадзянаў за часамі сталінскіх рэпрэсіяў прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» ўсталявалі цэлы шэраг памятных крыжоў. А вось гэтае месца масавых пахаваньняў, якое сьведкі датуюць 1942-1943 гадамі, было памянёнае і ўшанаванае ўпершыню.

Пра тое, што на мяжы могілак і поля знаходзіцца масавае пахаваньне пэрыяду Другой сусьветнай вайны, адзін са стваральнікаў ініцыятывы «Хайсы», сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў даведаўся ад жыхаркі вёскі Мазалава Лідзіі Іванаўны Сухадольскай, якая з даваенных часоў жыла ў Бараўлянах. Сёлета ў верасьні актывісты прывезьлі яе на могілкі, і яна паказала месца расстрэлаў.

Вось што распавяла Лідзія Іванаўна: «Тут на полі ля могілак і расстрэльвалі – я ведаю, бо тут на кладах мой брацік маленькі быў пахаваны. Сама я ня бачыла, як стралялі людзей, але чула, бо у вёсцы казалі: “Сёньня яшчэ машыну зьняволеных прывезьлі і расстралялі ля могілак”. Гэта было ў сорак другім ці сорак трэцім годзе. Была адна вялікая яміна. Яна спачатку стаяла адкрытая, а потым расстраляюць – і трупы прыкапаюць пяском. У яміне, пэўна, сто чалавек ляжала. Доўга расстрэльвалі. Гэта я ведаю. А па той бок шашы, што на Гарадок, немцы павесілі Марыну Галузу, і хлопчыка ейнага застрэлілі».

Як сьцьвярджае Ян Дзяржаўцаў, за апошні год ім былі апытаныя амаль два дзясяткі жыхароў Віцебску і навакольных вёсак – Мазалава, Дрыкольле, Бараўляны, Лужасна, Хайсы. Бальшыня зь іх адназначна суадносяць пахаваньне ля вёскі Хайсы з даваенным пэрыядам, а пахаваньне ля Бараўлянаў з часамі вайны.

Наконт гэтага спадар Ян мае сваё меркаваньне, сваё бачаньне сытуацыі: «Запытаў я Лідзію Іванаўну і пра тое, ці расстрэльвалі немцы кагосьці ў лесе за Хайсамі. Яна адназначна сказала: ”Не”. Гэты крыж у Бараўлянах мы вырашылі ўсталяваць таму, што ані раённыя ўлады, ані мясцовыя нават ня ведалі пра гэтае месца. У сувязі з чым паўстае пытаньне: “Калі ў лесе ля Хайсоў насамрэч, як сьцьвярджаюць улады, немцы расстрэльвалі савецкіх грамадзянаў, то навошта ім яшчэ было вазіць асуджаных на сьмерць сюды, у Бараўляны?” Неяк нелягічна атрымліваецца: паміж гэтымі месцамі ўсяго пара кілямэтраў. Да таго ж Хайсы бліжэй. Мо рэч у тым, што там саветы расстрэльвалі, а тут немцы? Аднак улады ня хочуць розгаласу пра рэпрэсіі, пра пахаваньні, бо асуджэньня сталінізму кшталту “Нюрнбэрскага працэсу” ў нашай краіне не было. Як была тут улада саветаў, так і засталася».

С. Горкі, Віцебская вясна