Чацвер, 06 Снежань 2012

У Віцебску забаранілі пікет, прымеркаваны да Дня правоў чалавека

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла праваабаронцам зладзіць пікет 10 сьнежня. Такое рашэньне было прынятае нягледзячы на тое, што імпрэза мусіла адбыцца ў месцы, адмыслова вызначаным уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў - у парку культуры і адпачынку Чыгуначнікаў. Прычына забароны пікету - заяўнікі акцыі не заключылі дамоваў на яе абслугоўваньне са службай ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй.

Міжнародны дзень правоў чалавека 10 сьнежня адзначаецца ва ўсім сьвеце. У гэты дзень у 1948 годзе Генэральнай асамблеяй ААН была прынятая Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека. На думку віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, улады, забараніўшы пікет, прысьвечаны гэтай гістарычнай даце, паказалі сваё сапраўднае стаўленьне да правоў чалавека. “Улады ў чарговы раз прадэманстравалі, што яны не зацікаўленыя ў любой грамадзка-палітычнай актыўнасьці”, - заявіў ён.

“Віцебская вясна”