Аўторак, 13 Жнівень 2013

Жыхары двара вырашылі ўласнымі сіламі збудаваць дзіцячую пляцоўку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

З рознымі праблемамі новых жылых мікрараёнаў сутыкаюцца жыхары шматпавярховікаў: адсутнасьць месцаў на паркоўцы ці, прыкладам, адсутнасьць дзіцячых пляцовак. Але жыхары аднаго з двароў Віцебску стаміліся чакаць ад уладаў, пакуль з’явяцца грошы на абсталяваньне двара, а аб’ядналіся і самастойна ўзяліся за вырашэньне праблемы.

Як распавёў грамадзкі актывіст Аляксандар Ільінец, у Віцебску на перакрыжаваньні вуліцаў Чкалава i Інтэрнацыяналістаў пабудаваныя сем дзесяціпавярховых дамоў, у кожным 4-5 пад'ездаў. Усе дамы аб'яднаныя адным дваром з агульнай колькасьцю кватэраў – 750.

- Гэта новы мікрараён гораду, таму тут жывуць у асноўным маладыя сем’і з малымі дзеткамі. А дзе гуляць? Выходзіш у двор, а там няма чым заняцца, бо на вялікай дваровай пляцоўцы іх чакае толькі вытаптаная трава: ні пясочніцы, ні дзіцячай пляцоўкі, ні лаўкі. Трэба ісьці ў суседні двор праз дарогу, бо толькі там ёсьць новая дзіцячая пляцоўка, - падзяліўся лякальнай праблемай Аляксандар Ільінец.

Грамадзкі актывіст ў 2010 годзе сабраў 820 подпісаў ад жыхароў дамоў і звяртаўся у камунальныя службы, гарвыканкам, аблвыканкам з просьбай жыхароў навесьці парадак i пабудаваць дзіцячую пляцоўку ў двары. Адказ быў адзіны – грошай няма і бліжэйшым часам ня будзе.

- Сёлета ў траўні кіраўнік ЖЭУ паведаміў мне, што ёсьць пляцоўка б/у, але неабходна адрамантаваць яе. І калі яна нам патрэбная, то трэба самастойна шукаць грошы, – дадаў актывіст.

4 жніўня 2013 году адбыўся першы сход жыхароў двара, на які прыйшлі 30 чалавек. У актыў ініцыятывы запісаліся больш за 20 неабыякавых віцяблянаў. Як распавёў Аляксандар Ільінец, на сходзе ўдзельнікі вырашылі, што ўжо ў бліжэйшыя выходныя яны падрыхтуюць месца для ўсталяваньня дзіцячай пляцоўкі. Дазвол у кіраўніка ЖЭУ атрыманы. Цягам тыдня мусіць быць прывезеная сама дзіцячая пляцоўка, якую адрамантуюць сваімі сіламі жыхары дамоў.

- Я вельмі ўсьцешаны, што людзі не абыякавыя, а мабілізаваліся для супольных дзеяньняў – зрабіць лепш. Яны ўжо не чакаюць міласьці ад уладаў, ці чарговых абяцанак, а разумеюць, што варта быць ініцыятыўнымі, аб’ядноўвацца і самім дамагацца зьменаў вакол сябе. Упэўнены, што пасьля пасьпяховага выніку людзі з суседніх двароў будуць зьвяртацца да нас па кансультацыі, - распавёў грамадзкі актывіст.

Адзначым, кампанія па пабудове дзіцячай пляцоўкi ў адным з двароў Віцебска ладзіцца ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш-2013!”, якую ініцыявала Асамблея НДА. Кампанія мае на мэце перадусім супольнае вырашэньне лякальных праблемаў, якія хвалююць звычайных беларусаў, і скіраваная на паляпшэньне іміджу трэцяга сэктару ў грамадзтве.

Крыніца: Народныя навіны Віцебска