Серада, 04 Верасень 2013

Улады забаранілі прафсаюзу РЭП пікет у Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Валер Місьнікаў, прававы інспэктар прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці па Віцебскай вобласьці, атрымаў адмову на сваю заяўку на правядзеньне пікету, прысьвечанага сацыяльным праблемам працоўных. Забараніла акцыю Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску.

Паводле спадара Місьнікава, пікет плянаваўся на нядзелю, 8 верасьня. Колькасьць удзельнікаў – адзін чалавек, а мэта - пратэст супраць прынятай Пастановы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2013 г. № 569 «Аб мерах па рэалізацыі Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”».

«Я лічу, што пастанова пра дзяржаўную дапамогу мае дыскрымінацыйны характар. Яна пагаршае ўмовы жыцьця пэўных сацыяльных катэгорыяў асобаў. Прыкладам, тых, хто працуе менш за паўгода. Тлумачу: раней сярэдні заробак для атрыманьня грошай падчас знаходжаньня на бюлетэні разьлічваўся за апошнія тры месяцы, а цяпер – за шэсьць. А калі чалавек уладкаваўся на працу два месяцы таму і захварэў? Заробак за два месяцы цяпер падзеляць на шэсьць, а раней дзялілі на тры. Атрымлівалася болей, а цяпер стала меней. Або такія зьмены: раней за першыя шэсьць дзён на бюлетэні плацілі 80% заробку, зь сёмага – ужо 100%. А цяпер 80% будуць на працягу 12 дзён. Для дзяржаўнага бюджэту атрымліваецца эканомія, а людзі – пацерпяць».

Патлумачыць жыхарам Віцебску гэтую простую арытмэтыку праваабаронцу не дазволілі. З адміністрацыі Чыгуначнага раёну напісалі, што забараняюць акцыю на падставе рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881. Гэтае рашэньне на працягу апошніх трох гадоў зьяўляецца для ўладаў «законнай прычынай» для парушэньня права асобы на свабоду сходаў і публічнае выказваньне сваіх меркаваньняў. Прыняты ў ліпені 2009 году нарматыўны акт «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» № 881 прад’яўляе дадатковыя і, як выявілася, практычна невыканальныя патрабаваньні да арганізатараў масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца без удзелу дзяржавы.

Паводле рашэньня гарвыканкаму, пры падачы заяўкі на правядзеньне мерапрыемства да яе неабходна прыкласьці дамовы на абслугоўваньне зь міліцыяй, камунальшчыкамі і паліклінікай. Аднак гэтыя структуры адмаўляюцца заключаць дамовы, пакуль не атрыманы дазвол уладаў на правядзеньне акцыі. І хаця рашэньне Віцебскага гарвыканкаму супярэчыць частцы 4 артыкулу 6 Закону «Аб масавых мерапрыемствах», артыкулу 35 Канстытуцыі і артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, гарадзкія чыноўнікі ў гэтым праблемы ня бачаць. Яны не пагаджаюцца зьмяніць сваё рашэньне, колькі гэтага ні дамагаюцца мясцовыя актывісты і праваабаронцы. Праз гэта на працягу ўжо некалькіх год у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі, ініцыяванай прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадзкасьці.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"