Нядзеля, 13 Кастрычнік 2013

У Віцебску пададзеная заяўка на пікет салідарнасьці з палітвязьнямі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксей Гаўруцікаў падрыхтавалі заяўку такім чынам, каб у раённых уладаў было найменей падставаў адмовіць. Месца меркаванага пікета – зь ліку трох у горадзе, адмыслова вызначаных пад масавыя мерапрыемствы, - парк імя 30-годзьдзя ВЛКСМ. Час правядзеньня – з 14 да 16 гадзінаў 29 кастрычніка.

“Гэта працоўны дзень, і мы разумеем, што больш людзей нас змаглі б убачыць у парку ў суботу ці нядзелю. Аднак на выходны дзень з намі адмаўляюцца заключаць дамову на абслугоўваньне мэдыкі – маўляў, у выходныя няма магчымасьці арганізаваць дзяжурства машыны хуткай дапамогі, бо іх і так нямнога. І мы знарок панядзелак – каб не было падставаў адмовіцца супрацоўнічаць з намі. Бо без дамоваў зь мэдыкамі, ЖКГ і міліцыяй нам немагчыма атрымаць дазвол ад раённай адміністрацыі,” — патлумачыў Аляксей Гаўруцікаў.

Актывісты хочуць правесьці акцыю, каб прадэманстраваць салідарнасьць зь Мікалаем Статкевічам, Эдуардам Лобавым, Алесем Бяляцкім і ішымі палітвязьнямі, патрабуючы іхнага вызваленьня.

Мінулым разам, калі актывісты рыхтаваліся праводзіць пікет супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх вайсковых баз, Першамайская раённая адміністрацыя адмовіла ім якраз з-за адсутнасьці дамоваў. Гэта – найбольш частая прычына забароны на акцыі, але ад апазыцыянераў у гэтай справе мала што залежыць: адказныя структуры апасаюцца заключаць зь імі дамовы на абслугоўваньне імпрэзаў ці ўсяляк пазьбягаюць гэта рабіць.

Так, падчас падрыхтоўкі да мінулага пікету заключыць дамову ўдалося толькі з камунальнікамі – з прадпрыемствам “Зелянбуд”. Мэдыкі спаслаліся на дэфіцыт машын хуткай дапамогі ў выходны дзень. А з абласной управы міліцыі адказ прыйшоў ужо пасьля таго, як адмовіла адміністрацыя Першамайскага раёну. І ў ім было напісана, што дамаўляцца пра абслугоўваньне мерапрыемства ўжо немэтазгодна, калі яго не дазволіла кіраўніцтва раёну.

Управа міліцыі, такім чынам, парушыла патрабаваньне, выкладзенае ў рашэньні віцебскага гарвыканкаму №881 пра правядзеньне масавых акцыяў. Там сказана, што спачатку арганізатары мусяць падаць дамовы. Але ў міліцэйскай управе знарок дачакаліся адмовы раённых уладаў, каб не пагадзіцца на супрацоўніцтва з актывістамі.

Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў спрабавалі праз суд абавязаць Першамайскую адміністрацыю даць ім дазвол на акцыю і абавязаць адказныя структуры ўсё ж заключыць дамовы на абслугоўваньне. Аднак судзьдзя Вольга Іванова патрабаваньні актывістаў не падтрымала.

Рашэньне гарвыканкаму №881 “Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску” складзена такім чынам, што яго практычна немагчыма выканаць. Адпаведна, грамадзянам немагчыма рэалізаваць права на публічнае выказваньне сваіх меркаваньняў праз арганізацыю масавых мерапрыемстваў.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"