Панядзелак, 14 Кастрычнік 2013

Жыхары Полацку перамаглі ў змаганьні за захаваньне парку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Рашэньне аб будаўніцтве буйнога гандлёвага цэнтру на месцы парку на прывакзальнай плошчы ў Полацку выклікала незадаволенасьць і нязгоду сярод жыхароў прылеглых дамоў па вуліцы Кастрычніцкай. Жыхары пачалі зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва, а таксама сустрэліся і абмеркавалі гэтую праблему са старшынём аблвыканкаму Віцебскай вобласьці Аляксандрам Косінцам…

Надоечы Віцебскі аблвыканкам адказаў палачанам наконт пытаньня захаваньня парку. Забудоўшчыкі пагадзіліся з прапановай уладаў не чапаць прывакзальны парк. Ніводнае дрэва ў парку сьпілоўвацца ня будзе. Адказы ад аблвыканкаму ў першы тыдзень кастрычніка прыйшлі на адрас трох ініцыятыўных груп грамадзян.

У адказе аблвыканкаму на імя грамадзян, якія езьдзілі ў Віцебск на сустрэчу са старшынём аблвыканкаму сказана: “З мэтай мінімізацыі выдаленьня аб’ектаў расьліннага сьвету і захаваньня гістарычнага аблічча прывакзальнай плошчы г. Полацку, камісіяй прапанавана інвэстарам адкарэктаваць праектна-каштарысную дакумэнтацыю ў частцы добраўпарадкаваньня прылеглай да аб’екту тэрыторыі з максымальным захаваньнем існуючых аб’ектаў расьліннага сьвету, з чым інвэстары пагадзіліся». Адказ падпісаў Старшыня камітэту аблвыканкаму па архітэктуры і будаўніцтве Ўладзімер Белавус.

Будаўнікі гандлёвага цэнтру каля вакзалу ўжо здымаюць агароджу вакол захопленай часткі парку. Дрэвы, якія знаходзіліся за межамі парку каля кафэ «Бульбяная» ўжо сьпілаваныя, і старое кафэ разам з бамбасховішчам цалкам разбураныя. На частцы тэрыторыі парку, што знаходзілася тры месяцы за агароджай, зьнятая тратуарная плітка, таксама сапсаваны газон. Відавочна, што неабходна правесьці аднаўленьне паркавых пешаходных дарожак.

Крыніца: Полацк.by