Субота, 22 Красавік 2023

Полацкі навуковец Ігар Бортнік зноў не выйшаў з-за кратаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Родныя і сябры чакалі, што па сканчэнні другога запар арышту на 13 сутак ён выйдзе на волю. Аднак па сканчэнні гэтага тэрміну, 21 сакавіка яго не вызвалілі. Застаецца верагоднасць, што ён асуджаны да чарговага арышту або перазатрыманы ў межах чарговай справы. Першыя два аршыты, прысуджаныя кандыдату філасофскіх навук, супрацоўніку Полацкага гісторыка-культурнага музею-запаведніка , былі на 10 і 13 сутак.

Першы арышт Ігар Бортнік адбываў у Наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Падчас другога яго перавялі ў віцебскі СІЗА-2, на тэрыторыі якога цяпер размяшчаецца віцебскі ІЧУ. Такая практыка ўжываецца не ўпершыню: жыхароў іншых рэгіёнаў знарок пераводзяць у абласны цэнтр, каб абцяжарыць ўмовы ўтрымання: прыкладам, прывезці зняволенаму перадачу з Наваполацку ў Віцебск ужо пераўтвараецца ў пэўную праблему.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала pozirkonline, Ігара Бортніка зноў вярнулі ў Наваполацкі ЦІП. І ён мае праблемы са здароўем: пасля не вельмі ўдала аперацыі па лячэнні міжпазваночнай грыжы ён трывае моцныя болі ў спіне, да таго ж падчас арышту ў яго здарыўся гіпертанічны крыз.

Бортнік трапіў за краты падчас міліцэйскага хапуну ў канцы сакавіка, калі былі затрыманыя 11 былых і цяперашніх супрацоўнікаў Полацкага музею- запаведніка. Ва ўсіх правялі ператрусы, забралі кампутары і мабільныя тэлефоны, а пазней асудзілі па адміністрацыйных справах. Ігару Бортніку і фатографу Ігару Супранёнку Наваполацкі гарадскі суд прысудзіў па два арышты запар. Абодва дагэтуль застаюцца пад вартай.

Міхась Хмара