Субота, 15 Красавік 2023

Штраф у памеры 1850 рублёў за рэпост сюжэта тэлеканала “Белсат”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як стала вядома, падчас так званай зачысткі АМАПам глыбоцкіх актывістаў напрыканцы сакавіка была асуджаная глыбачанка Кіра Кісялёва. Суд над ёй адбыўся 20 сакавіка ў Глыбокім.

Кіру Кісялёву судзіў суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч за адміністрацыйнае правапарушэнне па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП за тое, што яна ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники” размясціла сюжэт тэлеканала “Белсат”, прадукцыя якога ўключаная ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Згодна пастанове суда, падчас судовага пасяджэння жанчына віну прызнала.

Суддзя Андрэй Тарасевіч пакараў глыбачанку штрафам памерам 25 базавых велічынь, што складае  925 рублёў з часовым арыштам сродка ўчынення названага парушэння - мабільнага тэлефона. Амаль праз месяц тэлефон ёй аддалі.

Кіра Кісялёва падавала скаргу на прысуд Суда Глыбоцкага раёна ў Віцебскі абласны суд, але суддзя Святлана Іванова 9 красавіка яе скаргу не задаволіла і пакінула пастанову Глыбоцкага суда ў сіле. І, як даведалася пазней жанчына, аказваецца яе судзілі па частцы 1 артыкула 24.23 ч. (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), а не па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыі), як напісана ў пастанове Глыбоцкага суда.

І хоць жанчыну гэта вельмі здзівіла, але ў дадзеным выпадку мала што мяняецца – штраф усё адно трэба выплачваць.

Сяргей Азёрны