Серада, 05 Красавік 2023

На Аляксандра Шарабайку завялі крымінальную справу, але следчыя дзеянні з ім яшчэ не праводзілі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Глыбоцкага фітнес-трэнера і бодзібілдара Аляксандра Шарабайку затрымалі 13 сакавіка ў Глыбокім разам з жонкай Аленай. Затрымліваў Аляксандра Полацкі АМАП сумесна з глыбоцкай міліцыяй і невядомымі людзьмі ў цывільным адзенні, якія не прадставіліся.

Спачатку суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч асудзіў Аляксандра Шарабайку на 10 сутак, а яго жонцы Алене прызначыў штраф 50 базавых (1850 беларускіх рублёў) па ч. 1 артыкула 24.23 КаАП. Аляксандра судзілі за каментары і лайкі, а Алену за фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, які вісеў у іх на доме, у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Гэты здымак жанчына запосціла яшчэ задоўга да сумнавядомага 2020 года, бо нацыянальны сцяг на іх доме вісеў да гэтага шмат гадоў. Суддзя Андрэй Тарасевіч расцаніў гэта як адзіночны пікет без дазволу Глыбоцкага райвыканкама і пакараў жанчыну штрафам.

Алена Шарабайка ў дзень затрымання правяла разам з непаўнагадовай дачкой у міліцыі пяць гадзін, яе туды завёз участковы міліцыянт Уладзімір Казяк, а адпусцілі іх толькі ўвечары. А мужа жанчыны - Аляксандра Шарабайку -  пасля 10 сутак адсідкі ў Глыбоцкім ІЧУ з 24 на 25 сакавіка этапавалі ў Віцебскі СІЗА-2.

Там яму прад’яўляюць абвінавачванне па частцы 1 артыкула 368 КаАП – абраза Аляксандра Лукашэнкі. Як аказалася, у Аляксандра засталося шмат нявыдаленай інфармацыі з яго каментарамі ў мабільным тэлефоне. Падчас затрымання сям’і Шарабайкаў у доме быў праведзены ператрус, і сілавікі забралі ўсе мабільныя тэлефоны. У тым ліку жонкі і дачкі.

Сям’я Аляксандра хацела наняць для Аляксандра адваката ў Віцебску, але ўсе яны адмовіліся, тлумачачы гэта тым, што баяцца і не жадаюць брацца за так званыя палітычныя справы. А глыбоцкія адвакаты так і сказалі, што гэта будуць выкінутыя грошы, бо па такіх справах нічога дамагчыся нельга. Таму жонка Алена пагадзілася на дзяржаўнага адваката.

Справу адкрылі, але пакуль з фітнес-трэнерам не вядуцца ніякія працэсуальныя дзеянні. У жонкі з ім яшчэ не было сустрэчаў, але перадачы для Аляксандра прымалі.

Зараз Аляксандр Шарабайка і сям’я мае патрэбу ў дапамозе і салідарнасці.

Падтрымаць Аляксандра грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі можна па адрасе: СІЗА-2. Гагарына, 2, 210026, Віцебск, Шарабайка Аляксандр Міхайлавіч

Сяргей Азёрны