Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 15 Снежань 2022

«Паліто Булаўскага зноў у шафе». Затрымалі віцебскага арт-менеджара

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Вядомы віцебскі арт-менеджар і музыка Уладзімір Булаўскі мае ў Telegram акаўнт, які называецца «Паліто Булаўскага». Позна вечарам 14 снежня там з’явіўся допіс «Вітаю шаноўныя. Паліто зноў у шафе». З абмеркаванняў пад гэтым пастом вынікае, што Булаўскага забралі па справе, якую вядзе Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Але гэтая інфармацыя ўдакладняецца.

Раніцай 14 снежня ў Віцебску былі затрыманыя трое асобаў, звязаныя з дзейнасцю гастрапаба ROK’I PUB. Гэта заснавальнікі ўстановы Ілля Кульман і Павел Пятрунін, а таксама нехта Ларкоў, імя і пасада якога пакуль не вядомыя. Паводле меркаванняў наведнікаў паба, адной з прычын затрымання мог быць нядаўні канцэрт беларускай спявачкі, якая выступае пад псеўданімам Iva Sativa (сапраўднае імя Яна Смаляга, яна жонка былога палітвязня Лявона Халатрана). Але, верагодна, канцэрт быў толькі нагодай для праверкі дзейнасці ўстановы. Як высветлілася пазней, УДФР распачаў справу за нясплату падаткаў. Найверагодней, што Уладзіміра Булаўскага як арганізатара канцэртнай дзейнасці ў Віцебску, таксама затрымалі ў межах гэтай справы.

Да гэтага арт-менеджара неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па «народных» артыкулах. У 2020-м годзе ён быў асуджаны да 8мі сутак арышту за парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (былы арт. 23.34 КаАП). У лістападзе 2021 года яго пакаралі 7-сутачным арыштам за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў па арт. 19.11 КаАП. У лютым 2022 года яго асудзілі на 15 сутак за несанкцыянаванае пікетаванне паводле арт. 24.23 КаАП. І па гэтым самым артыкуле сёлета ў ліпені-жніўні ён адбыў ужо 30 сутак арышту.

Таццяна Віктарава