Серада, 16 Лістапад 2022

Жанну Іванову (Жалевіч) аштрафавалі на 100 базавых велічынь

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра гэта пазаштатная карэспандэнтка інтэрнэт-выдання «Витебский курьер» паведаміла ў Фэйсбуку, напісаўшы: «Я дома. Суд быў». Жанчыну прызналі вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні паводле артыкула 24.23 КоАП. У адміністрацыйным пратаколе былі згаданыя 4 публікацыі ў Instagram і «Одноклассниках», дзе міліцыянты разгледзелі нацыянальную сімволіку.

Суд над Жаннай Івановай  (Жанна Жалевіч – гэта творчы псеўданім журналісткі) мусіў адбыцца толькі ў пятніцу, 18-га лістапада. Але раніцай 16-га па яе прыйшлі супрацоўнікі Першамайскага РАУС. Жанчына паспела паведаміць пра гэта ў сацыяльных сетках. І толькі ўвечары з’явілася наступнае паведамленне, што яна на волі, але са штрафам у 3 200 рублёў.

Паводле артыкула 24.23 КоАП яе маглі пакараць і «суткамі», але спадарыня Жанна мае шэраг хранічных хваробаў, што было ўлічана судом. Сувязь з журналісткай па-ранейшаму адсутнічае: найверагодней, што тэлефон у яе забралі ў якасці гарантыі аплаты штрафа.

Таццяна Віктарава