Аўторак, 13 Верасень 2022

Актывіст незалежнага прафсаюзу Віктар Стукаў мае адбыць 30 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Актывіста затрымалі 12 верасня на полацкім вакзале, проста ў цягніку «Полацк-Масква», на якім ён выправіўся ў госці да сваякоў. На думку сяброў, сваю ролю адыграла тое, што квіток быў іменны, а полацкая міліцыя ўжо год шукала Віктара Стукава, каб накіраваць яго на 15 сутак арышту паводле судовага рашэння леташняй даўніны. На актывіста ў прысутнасці астатніх пасажыраў надзелі кайданкі і змясцілі пад варту. 13 верасня над ім адбыўся яшчэ адзін суд.

Паводле апошняга судовага рашэння, Віктар Стукаў прызнаны вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні. У ягоных сацыяльных сетках знайшлі фотаздымкі з пратэстаў 2020 г. Суд вырашыў, што такім чынам Стукаў праводзіў у інтэрнэце несанкцыянаваную акцыю, і паводле артыкула 24.23 пакараў яго арыштам на 15 сутак.

У дадатак да гэтага тэрміну, Віктар Стукаў мае адбыць 15-суткавы арышт, прысуджаны яму яшчэ летась за парушэнне артыкула 19.11 КаАП. Тады актывіста асудзілі за рэпост артыкула з сайта вядомага тэлеканала, пазней прызнанага экстрэмісцкім. Аднак судовага рашэння Стукаў на рукі не атрымаў, дый міліцыя не надта шчыравала, каб адразу ж яго арыштаваць ды завезці ў ІЧУ. Цяпер ён мае адбыць у ізалятары 30 сутак арышту агулам.

Міхась Хмара